Вы тут

У Беларусі падтрымаюць бюджэтнікаў, але не ўсіх

Мяркуецца, што мера падтрымкі часовая / З архіву БЕЛТА

У выпадку вымушанай няпоўнай занятасці ці прастою бюджэтнікам у Беларусі заплацяць не менш за памер мінімальнага заробку. Цяпер гэта 375 рублёў. Як паведамляе БЕЛТА, Аляксандр Лукашэнка ўхваліў праект указа па заробках у бюджэтнай сферы. Яго падрабязнасці агучыў міністр фінансаў Максім Ермаловіч. Паводле яго слоў, адна з нормаў датычыць падтрымання заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый.

Лукашэнка падкрэсліваў, што гаворка ідзе пра бюджэтныя арганізацыі аховы здароўя, адукацыі, спартыўныя і г. д.  Ён прывёў прыклад — з-за сітуацыі з каранавірусам спартыўны аб'ект, які аказвае паслугі насельніцтву, стала наведваць мала людзей. З-за гэтага ўзніклі праблемы з выплатай заробкаў яго работнікам.

Ермаловіч адзначыў, што такая тэндэнцыя асабліва заўважная ў апошнія два месяцы. "Таму для таго, каб захаваць калектывы, падтрымаць людзей, якія заняты аказаннем платных паслуг, неабходна прымаць меры", — кажа міністр. Паводле яго слоў, будуць фармавацца крыніцы для аплаты згаданых выдаткаў.

Пры гэтым аказанне падтрымкі бюджэтнікам будзе адбывацца "ва ўмовах жорсткіх бюджэтных абмежаванняў". Маецца на ўвазе, што самі арганізацыі павінны варушыцца, шукаць новыя шляхі для таго, каб зарабіць грошы, прыцягваць кліентаў і г. д. І толькі калі "з нейкіх аб'ектыўных прычын" нічога не ўдасца зрабіць, тады "у падтрымку будзе ўступаць бюджэт".

Максім Ермаловіч лічыць, што мера часовая, паколькі сітуацыя ў краіне мусіць стабілізавацца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.