У Беларусі чакаецца новы фестываль

ПАН-студыя падзялілася планамі на новы сезон, сярод якіх нараджэнне новага фестывалю, інтэрнэт і ТБ-праект "Бульбокс" і шэраг бясплатных канцэртаў.
"Бульбокс" — праект на 8-ым канале, які пачынаўся як акт добрай волі. Першым вядучым "Бульбокса" быў Сяргей Пукст. Пра тое, чым адметная праграма "Бульбокс" і навошта так шмат пра яе гаварыць, распавяла канцэпт-менеджэр "Бульбокса" Каця Раманчык:

Каця Раманчык: "Мы гаворым пра культуру, але робім гэта рознымі сродкамі. Мы заўжды ў пошуку — свайго кшталту такі шоў-серыял. У нас ёсць шмат інтарэсаў і тэм, якія б мы хацелі раскрыць".

Каця Раманчык

Праграма атрымоўваецца ў аўтараў не толькі гумарыстычнай і асветніцкай, але і надзённай, адзначае дырэктар ПАН-студыі Аляксандр Астроўскі. Тэмы праграм задаюць наведвальнікі сайту.

Аляксандр Астроўскі: "У адмене гастрольных пасведчанняў мы таксама сыгралі не малую ролю! Выйшла наша праграма на гэту тэму – і на наступны дзень Прэзідэнт падпісаў указ аб адмене. Бачыце, як на нас хутка рэагуюць! Увогуле, праграма рухаецца ў такім зададзеным ключы, што мы нават не ведаем, што будзе далей".

Аляксандр Астроўскі

Для таго, каб пазнаёміць аўдыторыю з рознымі цікавымі людзьмі, праект прадугледжвае перманентны кастынг вядучых. Так, новы сезон "Бульбокс" сустракае новымі вядучымі, новай пляцоўкай ды новымі рубрыкамі, якія аўтары праграмы абяцаюць паступова ўводзіць. На месца вядучага Сяргея Пукста прыйшлі акцёры Купалаўскага тэатра і ўдзельнікі гурта "Ілі-ілі" Міхаіл Зуй і Зміцер Ясяневіч.

Каця Раманчык, Зміцер Саладуха, Міхаіл Зуй

Зміцер Саладуха, прадзюсер ПАН-студыі: "Калі праграма "Бульбокс" была задуманая, як праграма, якая асвятляе ужо існуючыя бакі нашай нефарматнай і шмат у чым нефармальнай беларускай культуры, то зараз мы выявілі, што нам цікавыя з’явы, пра якія мы самі яшчэ мала ведаем".

Так, закадравыя інтарэсы "Бульбокса" выліліся ў стэйдж-варсію праграмы — "Бульфэст". Такім чынам, "Бульфэст" — гэта серыя канцэртаў беларускіх і замежных гуртоў пэўнага ракурсу — усё, што трапляе пад азначэнне "жыццё ў стылі рок-н-рол".

Аляксандр Астроўскі: "Рок-н-рол не ў вузка-музычным сэнсе, а тым катэгарыйным і паняційным яго значэнні, якое вызначылася прыкладна ў 70-х, калі рок-н-рол стаў успрымацца, як нейкі набор сацыяльных і жыццёвых клішэ. І калі ты гэтаму адпавядаеш — значыцца, гэта рок-н-рол. Нас цікавіць, ці ёсць у Беларусі гэта паняцце, хто яго ўвасабляе і ці арганічнае яно для нас".


Па словах арганізатараў, праект "Бульфэст" — цыклавы і будзе адбывацца як мініум раз на месяц, а можа нават і два. Плануецца, што канцэрты будуць праходзіць у Мінску і Магілёве, надалей арганізатары плануюць супрацоўнічаць і з іншымі абласнымі цэнтрамі.

Канцэрты будуць клубнага фармату, у іх возьмуць удзел ад двух да чатырох гуртоў адначасова. Бліжэйшы выступ адбудзецца ўжо 8-га кастрычніка"Бульфэст" распачнуць гурты The Toobes, Кассиопея і гурт з Украіны Perkalaba. Уваход на фестываль будзе вольны.

Зміцер Саладуха: "Некаторыя параўноўваюць гурт Perkalaba з АукцЫонам. Я, паслухаўшы іх 5-гадзінны канцэрт без перапынку, хутчэй сказаў бы, што яны падобныя на Ману Чао, толькі ў нейкай карпатскай версіі. Па нашых прагнозах, першы тур фестывалю будзе заканчвацца вялікім двухдзённым оўпен-эйрам у самым пачатку лета ці позняй вясной".

Чакаецца, што ўдзельнікамі канцэртаў "Бульфэсту" будуць маладыя беларускія гурты, у тым ліку і з рэгіёнаў, а таксама замежныя зоркі.


Яшчэ адзін праект, які ПАН-студыя запускае ўжо напрыканцы верасня — "Творчая майстэрня". Першыя канцэрты праекту таксама будуць бясплатнымі для гледачоў.

Аляксандр Астроўскі:
"Творчая майстэрня" — гэта сімбіёз стыляў: этніка, джаз, джаз-рок, фьюжн, уорлд-мьюзік. Першы канцэрт адбудзецца ўжо 29-га верасня — разам са струнным квінтэтам выступіць этна-джаз каманда Akana. А 30-га верасня ў нас выступяць ПортМоне і Масуд Талібані, якія ўжо даўно марылі сыграць на адной сцэне.Але мы не будзем проста падзяляць канцэрт на 2 аддзяленні, і рыхтуем для гледачоў розныя сюрпрызы. Абавязкова адбудзецца after party. Мы нічога не рэпетуем, і што атрымаецца з гэтага сімбіёзу — будуць судзіць гледачы".

Па задуме арганізатараў, "Творчая майстэрня" разлічаная на больш спелую па густах і узросце культурную публіку, якой цікавыя новыя імёны. Так званыя, новыя буржуа. Для гэтых імпрэзаў ПАН-студыя адмыслова абрала канцэртныя залы, а не клубныя пляцоўкі.

Аляксандр Астроўскі:
"Публіка, на якую мы разлічваем, не ходзіць у клубы нават на самыя класныя канцэрты! Плануецца, што гэта будуць інтэрактыўныя канцэрты, калі кожны зможа задаць артысту пытанне ці пераслаць на сцэну цыдулку".

Для таго, каб атмасфера "Творчых майстэрняў" была больш падобнай на дамашнюю, у антрактах арганізатары зладзяць кафа-паўзу. Плануецца таксама аздобіць фае залы фотавыставамі і нават, па магчымасці, зладзіць у Мінску "Выставы аднаго дня".

Зміцер Саладуха:
"Калі ў адзін дзень у розных месцах цэнтра горада будзе адбывацца серыя выставаў аднаго дня, якія, магчыма, да гэтага ўжо будуць прадстаўленыя ў межах канцэртаў".


Алена Козуб

Па-ранейшаму візітоўкай ПАН-студыі з’яўляецца фестываль шчырай музыкі "Музычны апельсін", які ў 2011 годзе будзе праводзіцца ў чацвёрты раз.

Алена Козуб, канцэрт-менеджэр: "Мы шмат эксперыментавалі цягам гэтага часу. І ў гэтым годзе мы таксама пойдзем на эксперымент — падчас "Музычнага апельсіну" выступяць 7-8 гуртоў, 2 ці 3 з якіх будуць ужо вядомымі . Астатнія каманды будзем адбіраць на конкурснай аснове, і мы плануем, што на адным з музычных парталаў будзе праводзіцца галасаванне па вызначаных крытэрыях. Хацелася б нават, каб гэта былі не мінскія каманды, а свежыя імёны з рэгіёнаў. Бо зараз мы мэтанакіравана шукаем новыя імёны — у тым ліку сярод пластычных тэатраў, аніматараў, фатографаў, мастакоў".

Па папярэдняй дамоўленасці арганізатараў, чакаецца, што адзін з удзельнікаў "Музычнага апельсіна" абавязкова возьме удзел у гала-канцэрце фестывалю "Новая волна" у Юрмале.

Міхаіл Зуй

Да таго ж Зміцер Саладуха і Аляксандр Астроўскі плануюць стварыць так званы каардынацыйны цэнтр, куды любы жадаючы прадзюсер, прамоўтар мог бы ўнесці свае прыкладныя планы. Такім чынам, кажуць у ПАН-студыі, можна будзе пазбегнуць таго, што ў адзін дзень у Мінску адбудуцца адразу 3 фестывалі ці канцэрты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі