У Беларусі анансавалі пачатак кампаніі “Астравецкі шлях” (відэа)

У Беларусі анансавалі пачатак кампаніі “Астравецкі шлях”. Яе мэта — дамагчыся спынення будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявілі прадстаўнікі шэрагу партый і грамадскіх арганізацый, сябраў аргкамітэта па правядзенні “Чарнобыльскага шляху”.

Павел Севярынец сказаў, што сёлетні “Чарнобыльскі шлях” стане пачаткам згаданай кампаніі. Некалькі месяцаў будуць праходзіць круглыя сталы, зборы подпісаў, пікеты. Акцыі запланаваныя ў гарадах, якія знаходзяцца “паміж Астраўцом і Мінскам”, а таксама ў Бераазёрску і Новалукомлі, якія з-за запуску АЭС “могуць знікнуць” (там дзейнічаюць ГРЭС).

Севярынец падкрэсліў, што кампанія “Астравецкі шлях” будзе праводзіцца “аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі”.

На прэс-канферэнцыі быў агучаны план на правядзенне "Чарнобыльскага шляху" ў Мінску. Было паведамлена, што КХП-БНФ правядзе асобную акцыю ў Кіеўскім скверы.