Вы тут

У Беларусі анансавалі анлайн-свята "Годны Дзень Волі"

Еўрарадыё

У Беларусі анансавалі анлайн-свята "Годны Дзень Волі". 25 сакавіка такім чынам будзе адзначана 102-я гадавіна абвяшчэння ў Мінску дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пра падрыхтоўку анлайн-свята заявіла "Каманда БНР100". Як вядома, арганізатары мітынга-канцэрта ў беларускай сталіцы адклікалі заяўку з-за сітуацыі з каранавірусам. Было вырашана адзначыць свята інакш. Анансуецца ўдзел у "Годным Дні Волі" вядомых дзеячоў культуры, грамадскіх актывістаў, музыкаў.

Чаму "годны"? Бо ў 2018 і 2019 гадах "Каманда БНР100" арганізавала "годнае адзначэнне Дня Волі" ў Мінску і Гродне.

"І зараз мы не можам проста скласці рук і казаць, што ўсё дрэнна, — кажуць яе прадстаўнікі. — Таму вырашылі не пакідаць сябе і ўсіх беларусаў без свята на Дзень Волі і арганізаваць адзначэнне БНР102 у новым фармаце, які прадыктаваў час і надзвычайная сітуацыя ў свеце".

Падкрэсліваецца, што стаіць задача "з дапамогай сучасных новых медыя аб’яднаць беларусаў у розных кутках Зямлі і праз анлайн-трансляцыю з насычанай праграмай і цікавымі гасцямі стварыць атмасферу агульнай еднасці і салідарнасці, злучыць разам беларусаў". Арганізатары кажуць, што галоўнае нацыянальнае свята "трэба годна адзначаць у любых умовах".

Трансляцыя анлайн-свята пачнецца 25 сакавіка а 18-й гадзіне на сайце Hodna.by і ў сацсетках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.