У Баранавіцкім раёне мужчыну асудзілі за сэкс з 14-гадовай дзяўчынай
Вясковец з Баранавіцкага раёна атрымаў два гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за сэкс з 14-гадовай дзяўчынай. Інцыдэнт адбыўся ў верасні 2012 года. 32-гадовы мужчына сустрэў на дыскатэцы ў сваёй вёсцы дзяўчынку-падлетка і прапанаваў ёй пакатацца на аўтамабілі. На ўскраіне вёскі ён спыніў машыну і заняўся з дзяўчынай сэксам.
І асуджаны, і пацярпелая заявілі, што гэтая сувязь адбылася па ўзаемнай згодзе.
У канцы траўня 2013 года непаўналетняя вяскоўка нарадзіла дачку і нікому не казала, хто яе бацька.
Крымінальную справу на мужчыну завялі пасля таго, як у ліпені 2015 года пацярпелая распавяла пра ўсё сваёй маці. Падчас расследавання было вызначана, што ён таксама з’яўляецца біялагічным бацькам дзіця.
27 кастрычніка суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў мужчыну вінаватым у палавых стасунках з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту. Апроч двух гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму яму прысудзілі штраф у 36 мільёнаў рублёў.
Падчас судовага разбіральніцтва абвінавачаны не прызнаў сваёй віны і заявіў, што не ведаў, колькі гадоў аднавяскоўцы.
4 снежня калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда пакінула без зменаў асноўнае пакаранне, але адмяніла штраф, які не быў прадугледжаны гэтым артыкулам крымінальнага кодэксу на момант здзяйснення злачынства.
Раней мужчына меў шэсць судзімасцяў, у тым ліку за наркотыкі, махлярства і крадзяжы, перадае БелаПАН.
Фота з архіву