У Баранавічах патрабуюць зняць з тэлеэфіру песню "Забі маю сяброўку"

Сябры творчага згуртавання "Святліца" з Баранавіч накіравалі ў аддзел ідэалогіі гарвыканкаму і ў мясцовую тэлекампанію "Інтэкс" ліст, пад якім 38 подпісаў жыхароў горада. У лісце выказваецца занепакоенасць тым фактам, што мясцовая тэлекампанія праз тэлеперадачу "Прыміце віншаванні", на іх погляд, часта прапагандуе безгустоўнасць і гвалт.

Кіраўнік "Святліцы" Алесь Бакач лічыць, што нізкапробныя песні кшталту "Я быў зачаты за 3 рублі на гарышчы" ці "Забі маю сяброўку" не надаюць гонару тэлевізійшчыкам. Больш таго, такія "шлягеры" дрэнна ўплываюць на моладзь.

"Амаральны лад жыцця, гвалт, ужыццё алкаголю не павінны прапагандавацца ў эфіры", - лічыць Алесь Бакач.

Дырэктар кінастудыі "Інтэкс" Анатоль Кароль сказаў, што яны часткова перагледзелі рэпертуар праграмы і некаторыя песні з яго ўжо выключылі. Разам з тым, пажаданні тэлегледачоў яны вымушаныя выконваць, кажа Кароль.

Іван Юрашчык
, Еўрарадыё, Баранавічы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі