Тяни-Толкай “Мне с тобою повезло”

120720 Agljadacha.mp3

Дачакаліся! Нарэшце мега-поп-зоркі краіны, гурт “Тяни-Толкай” выдаў новы альбом. Гледзячы па назве “Мне с тобою повезло”, дыск стаў лагічным працягам папярэдняй кружэлкі “Как же долго я тебя искал” (2006). Хлопцам спатрэбілася цэлых пяць гадоў, каб зразумець усю вартасць сваёй знаходкі і канчаткова пацвердзіць, што музычна-тэкставая дэградацыя не мае межаў. Агульнай канцэпцыі ў дыска няма! Песні пра ўсё і на розны манер. Але малайцы, што менавіта “Мне с тобою повезло” абралі загалоўнай і паставілі першай на альбоме. Яна падкупляе, бо з’яўляецца найлепшай аўтарскай песняй на дыску, прычым абсалютна з усіх бакоў: аранжыроўка, мелодыка, тэкст, інструментальнае выкананне...

Калі ўжо пачалі пра найлепшыя, то варта выдзеліць і трэкі аўтарства Аляксандра СухараваПервая любовь” ды “Путь”. Почырк Аляксандра не пераблытаць, як і яго вакал: апошні трэк ён выконвае разам з “Тяни-Толкай”. Калі б не гэты подпіс на вокладцы ды не менавіта ўдзел у запісу ўласна Сухарава, я б падумаў, што хлопцы вырашылі паспрабаваць зрабіць нешта падобнае, каб нарэшце вылезці з той ..., у якой знаходзяцца ўжо гадоў 10. А вось навошта Аляксандру спатрэбіўся гэты, так бы мовіць, дуэт?.. Незразумела!


Увогуле на дыску багата чужых песень: яшчэ адзін аўтар — Яўген Курасоў, але тут усё пасуе. Тыповыя дваровыя тэксты акурат для начных “пасядзелак” каля пад’ездаў ці на тэрыторыі дзіцячых садкоў, каля школ, на аўтобусных прыпынках у невялікіх мястэчках… Падчас праслухоўвання песні “Подснежники” гэтыя “пасядзелкі” з гітарай і алкаголем нават плывуць перад вачамі. Не здзіўлюся, калі кліп на гэты нумар будзе менавіта з такімі кадрамі. Ну, а трэк “Баня”… такія песні часцей за ўсё гучаць (ва ўсялякім выпадку гадоў 5-10 таму гучалі) з кабінаў таксі, “газончыкаў” на вясковай дарозе… Ну, вы зразумелі!

Яшчэ некалькі прыкладаў “рознабаковасці музычнай палітры” альбома “Мне с тобою повезло”. Падабенства “Тяни-Толкай” з гуртом “Любэ”, напэўна, ужо нікога не здзіўляе (“Ах ты боль моя, дорога”). Раней нават падавалася, што хлопцы проста абралі гэты стыль і далей толькі ў ім і будуць працаваць. Але на апошнім альбоме з’явіўся яшчэ адзін эксперымент — не сказаць, каб удалы, але да каго імкнуліся, здагадацца можна. Песня “Вот и Все” і стылістычна, і тэкстава вельмі нагадвае ўжо сур’ёзна прызабытых “Дискотека Авария”, толькі беларусам да расіян яшчэ дзясяткі гадоў працы.

Над гэтым дыскам працавала безліч людзей, у запісе бралі ўдзел 21 чалавек, сярод якіх шмат добра знаёмых беларусам музыкаў. Вось толькі самога квартэта “Тяни-Толкай” нешта амаль не відаць. Андрэй Заяц пазначаны як гітарыст на апошнім бонусным трэку “3000 шагов”, які выйшаў на мінулым альбоме. Кірыла Клішэвіча ды Паўла Тараймовіча ўвогуле няма нідзе, акрамя абазначэння ў складзе гурта. І толькі Павел Клышэўскі адзначаны паўсюль. Вось і ўзнікае пытанне: а ці “Тяни-Толкай” гэта!? Можа, трэба было назвацца “Клышэўскі і брыгада “С”, паводле расійскага рок-аналага? Ды і зноў жа незразумела: навошта тым жа Грышанавай, Чалышаву, Хлястову, Карэтнікавай трэба значыцца бэк-вакалістамі “Тяни Толкай”? Беларуская эстрада, калі так яе можна назваць, для мяне поцемкі.

У якасці дадатку на дыску тры рэміксы, зробленыя ў тым жа прагрэсіўным стылі, што і арыгіналы песень. Не ўяўляю, якія дыскатэкі іх будуць круціць. Хаця… Увесь час праслухоўвання “Мне с тобою повезло” ўзгадваўся перыяд, калі “Тяни-Толкай” былі клёвымі сцёбарамі-ска-панкамі. Вось тады гэта быў калектыў, які выдаваў песні! А гэтую складанку інакш як чарговым брыдотным пляўком у бок музычных густаў беларусаў назваць немагчыма. “I believe in mouse, fucking Santa Clause!” - як спавалі музыкі ў адной са сваіх першых песень...

 Трэк-ліст:
01 - Мне с тобою повезло
02 - Понимаешь, младший
03 - Этот бой мы слили
04 - 070809
05 - Первая любовь
06 - Нас с тобой судьба ломала
07 - Баня (з Яўгенам Курасавым)
08 - Вот и все
09 - Подожди меня
10 - Путь (з Аляксандрам Сухаравым)
11 - Подснежники (з Яўгенам Курасавым)
12 - Полоса приграничная
13 - Ах ты боль моя, дорога (з ансамблем "Атаман")
14 - Мне с тобою повезло (DJ Kolyada рэмікс)
15 - 070809 (DJ Kolyada рэмікс)
16 - Нас с тобой судьба ломала (DJ Kolyada рэмікс)
17 - Дорога
18 - Playing Our Symphony (з Верай Карэтнікавай)
19 - Снег
20 - А впереди у нас еще вся жизнь!
21 - 3000 шагов

Музыка ды словы: П.Клышэўскі акрамя: 5,10 — А.Сухараў, 7,11 — Я.Курасаў, 18 — П.Клышэўскі/П.Клышэўскі і В.Благуш

Склад гурта: 
Павел Клышэўскі
Андрэй Заяц
Павел Тараймовіч
Кірыл Клішэвіч

Бралі ўдзел у запісе:
П.Клышэўскі — бас-гітара, гітары, сінтэзатары
А.Каляда — праграмаванне, сінтэзатары, рытм-секцыя
Г.Сыракваш — праграмаванне, сінтэзатары, рытм-секцыя
А.Хлястоў — бэк-вакал (6,16)
А.Грышанава — бэк-вакал (1)
Я.Чалышаў — бэк-вакал (13,17)
А.Сухараў — бэк-вакал (5)
У.Ярашук — бэк-вакал (19)
С.Анцішын — гітары (2-13,17-21)
І.Бранкоўскі — клавішныя, сінтэзатары (3,6,9,16,19)
А.Заяц — гітары (21)
Д.Фрыга — клавішныя (18)
А.Каліноўскі — бас-гітара (4,5,7,8,10-12,17,19-21)
М.Осіпаў — гітары (1)
А.Шостак — акардэон (7,12)
В.Федарук — акардэон (20)
Р.Сасноўцаў —труба (17)
Т.Шостак — скрыпка (7)
Д.Грыгор'еў — ударныя (4)
К.Шэвандо — ударныя (19)
В.Чайкоў — ударныя (8,17)

Запіс, звядзенне:
А.Каляда — 1-5,7,11,13-16,18
Г.Сыракваш — 6,8-13,19-21

Майстрынг — А.Каляда

"Вігма" (2012)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі