“Тузін Гітоў” адзначыў юбілей канцэртам у “Графіці” (фотарэпартаж)

Беларускі музычны інтэрнэт-партал “Тузін Гітоў” пад сваё пяцігоддзе падрыхтаваў зборнік “Прэм’ер Тузін-2008”, канцэрт ужо неіснуючага гурта “Jab Club” і чуткі пра новы музычны фестываль. Зборнік – гэта прыгожы кампакт-дыск з 42 беларускімі песнямі. Дыск выдала БМА-group, праўда, са спазненнем на некалькі месяцаў (складанка мусіла выйсці яшчэ ў мінулым годзе). Дыск складзены паводле хіт-параду “Тузіна Гітоў” і першая тройка выглядае наступным чынам:

IQ 48 “Гэй, наперад!”
Глюкі “AntiEMO”
Jab Club “Вуліца дым”

 


Цікава, што двое з гуртоў, якія трапілі ў першую тройку, на сёння з’яўляюцца афіцыйнымі прывідамі. “Глюкі” распаліся яшчэ падчас галасавання, а што здарылася з гуртом Jab Club, Еўрарадыё запытала непасрэдна ў вакаліста Яўгена Валошына:
 


Гурт распаўся, бо музыкі раз’ехаліся. Наш трубач паехаў вучыцца ў растоўскую кансерваторыю, другі з’ехаў у Еўропу жыць, таму ад Jab Club застаўся толькі я. А граць жа хочацца, душа патрабуе...

Карацей я запрасіў маіх сяброў-музыкаў пайграць разам са мной. Мы не называемся асабліва ніяк, мы падпісваемся трыма прозвішчамі: Яўген Валошын, Андрэй Маркуц і Максім Квяткоўскі”.



 
Чуткі пра новы фестываль прынёс Алег Хаменка – лідэр гурта “Палац” і вядучы радыё хіт-параду “Тузіна”. Ён сказаў, што можна чакаць новы музычны фестываль, які будзе нацыянальным і дзе будуць сабраныя ўсе актуальныя беларускія музыкі.

 

Што гэта за «актуальныя» каманды — Хаменка патлумачыў:

"Гэта мусяць быць каманды беларускамоўныя, альбо тыя, што ў сваім рэпертуары маюць беларускамоўныя песні. Але ёсць і дадатковая ўмова — трэба, каб яны мелі с
ольнае жывое шоў, працягам больш за 70 хвілін".
 
Ні пра якую стылёвую накіраванасць фэсту Хаменка не сказаў, таму Еўарарадыё пацікавілася магчымасцю з'яўлення на будучым фестывалі, напрыклад, Інны Афанасьевай.
 
"У Афанасьевай, наколькі я ведаю, на сённяшні час няма музыкантаў, якія рэальна могуць адыграць 80-хвіліннае жывое шоў. А вось у Дарафеевай ёсць. Але з ёй перамовы не вядуцца" — адказаў Хаменка.
 
Больш нічога ўцямнага высветліць пра фестываль ад канспіратара-Хаменкі не ўдалося, акрамя таго, што гэта будзе опэн-эйр і пройдзе ён на “Баравой” напрыканцы траўня.



Але вернемся да юбілейнага “Тузіна Гітоў” і іх дасягненняў за мінулыя 5 год. Выдавец парталу “Вецер Механічны” адзначыў, што самая вялікае дасягненне яшчэ наперадзе:
 
“У нас былі дасягненні і што да колькасці прадстаўленага матэрыялу, што да колькасць спампоўванняў, наведвальнікаў. На сённяшні дзень супрацоўнікі “Тузіна Гітоў” маюць добрае супрацоўніцтва з практычна ўсімі арганізатарамі буйных фестываляў і канцэртаў, дзе нашыя веды з’яўляюцца каштоўнымі”.

 

На пытанне, “ці не ванітуе вас за 5 год ад беларускай музыкі?” Сяргей Будкін, рэдактар “Тузіна” адказаў:
 
“Не, зусім не ванітуе. Таму што ёсць адкрыцці, кшталту гурта Jab Club, які выступаў сёння. Калі б іх не было, то, напэўна, званітавала б.

Рознага флуду я, канечне, шмат слухаю. Асабліва рэпераў цяпер прыбавіла – людзі дарубілі да таго, што можна на кампутары запісаць рэп-кампазіцыю і тупа даслаць яе нам. Гэта даводзіцца слухаць... Але, разам з тым, ёсць класныя кампазіцыі – як “Каляда” Маўзера – і яны вось грэюць душу”.

Фота: Tarantino

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі