“Тутэйшыя” будуць ісці ў новым сезоне! (відэа з апошняй пастаноўкі)

Калі ў залі раздаецца першае “Жыве Беларусь!”, работнікі Купалаўскага тэатра ўздыхаюць: “Ну навошта вы крычыце, сабе ж горш…”. Але дзіва – потым усміхаюцца
Журналіст Еўрарадыё прарваўся на спектакль праз “чорны ход”.

“Давайце сядзець на адным крэсле па чарзе”, - прапаноўвае дарослы чалавек даросламу чалавеку, і той пагаджаецца. “Спектакль ідзе тры гадзіны. Вы стаялі ўвесь час?” – “Так, не ўпершыню!”. “У вас нехта на вуліцы застаўся? Давайце падкажу, як зайсці…” “Вы фатаграфавалі? Дайце ваш нумар, а то у мяне батарэек не хапіла…”

На спектаклі “Тутэйшыя” 5 ліпеня людзі сядзелі на крэслах па чарзе. Стаялі тры гадзіны нават на балконе. Але ніводнага разу ў зале не зазвінеў мабільнік, не было валтузні, якая бывае на доўгіх спектаклях, не рыпелі крэслы. Зала была надзвычай жывой, раз на некалькі хвілін яна ўзрывалася апладысментамі.

Білетаў не стала, як толькі спектакль з’явіўся ў афішах. Тыя, каму іх не дасталося, праточваліся праз службовы ўваход. Хто гэтага зрабіць не насмеліўся – стаялі на вуліцы да антракту і тады заходзілі. Людзі гутарылі па-беларуску, сівыя ўсміхаліся па-беларуску маладым. Далоні ў гледачоў балелі ўжо ў першым акце.

Янка Здольнік: “Ніколі мы яшчэ не будзем шчаслівымі, пакуль чужая воля будзе гаспадаром над нашай воляй. Каб гэтага не было, мы павінны растаптаць, знічтожыць ману, што мы не ёсць мы, што мы нейкае нешта, якое як быдлёнак: накарміў дый сыта. [апладысменты] Мы павінны душу нашу народную выявіць у сваім “я”, у сваёй самабытнасці і смела сагнуць… бо сваё неадымнае права самім распараджацца гэтым сваім “я”. А душа агульнаграмадская яшчэ драная! Мы як бы яшчэ пачынаем расплюшчваць вочы і паўставаць супраць гэтай паганай маны, што мы не ёсць мы, але яшчэ хістаемся. То ўправа, то ўлева, бо яшчэ ясна азначанай мэты не можам сабе ўявіць… [апладысменты]”

Перад спектаклем і ў антракце па ўсіх кутах: “Ці апошні гэта спектакль? Мы чулі, што апошні…” – “А мы чулі, што замест бел-чырвона-белага сцяга ў канцы будзе белы…” – “Як так? Гэта што будзе – белы сцяг капітуляцыі, ці што?” Апошні ці не? Ніхто не кажа. “Тутэйшыя” кожны раз як апошні. Акцёр Алег Гарбуз, які грае ў спектаклі, кажа, што таксама не ведае лёсу “Тутэйшых”.

Алег Гарбуз
: “Гэты раз спектакль быў прысвечаны 125-годдзю Купалы, таму яго і паказалі. Магчыма, гэта апошні раз. Але я не ведаю. Вельмі рэдка, але ж ставяць часам гэты спектакль. Можа, ён і будзе, але ўжо восенню ці зімой”.

Намеснік генеральнага дырэктара тэатра Анжаліка Крашэўская сказала Еўрарадыё, што спектакль у новым тэатральным сезоне ісці будзе. Выдыхаем з палёгкай…:)

На сайце Еўрапейскага радыё мы вывесілі кавалачкі спектакля, вы можаце іх праслухаць і спампаваць.




Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі