Тры сямейныя беларускія пары шукаюць сурагатную маці за 15 тысяч долараў

Журналіст Еўрарадыё паспрабаваў высветліць, якія патрабаванні ставяцца да сурагатнай маці. Спачатку генетычныя бацькі цікавяцца ўзростам жанчыны, наяўнасцю вышэйшай адукацыі, сямейным становішчам, а пасля пачынаюць таргавацца. Юрыдычная фірма з Маладзечна арганізуе “цікавую” паслугу - пошук сурагатнай маці. Маладой жанчыне прапаноўваюць нарадзіць дзіця за грошы для іншай пары. Яе дырэктар Аксана адразу ж запэўніла мяне, што ўсё робіцца па закону, падпісваецца шэраг дамоў, і гэта вельмі сур’ёзная арганізацыя. Я яшчэ не паспела нічога вымавіць, як яна спытала, у колькі я ацэньваю паслугі. 20 тысяч долараў ёй падаліся вялікай сумай грошай, і яна ўдакладніла, ці згодная я на торг. Такое пачуццё, што мы на рынку. Дарэчы, сума ганарару можа быць рознай-- ад 10 да 20 тысяч долараў, але ў асноўным ўсе сыходзяцца на 15 тысячах. Галоўнае, упэўніць усіх, што вы столькі каштуеце і будзеце лепшай сурагатнай маці. Да галоўнага ганарару дадаецца яшчэ і штомесячная дапамога ў 300 долараў, якая павінна ісці на садавіну, гародніну, вітаміны. Дырэктар юрыдычнай фірмы Аксана лічыць такую паслугу вельмі выгаднай.

Аксана: Гэта самы лепшы спосаб зарабіць грошы, і пры гэтым практычна нічога не ўкладвае.

Такая заява выклікала ў мяне шмат пытанняў і абурэнне. Калі ў час цяжарнасці пагоршыцца стан здароўя, ці можна разлічваць на нейкую матэрыяльную кампенсацыю? Аксана не разгубілася і таксама задала мне пытанне: навошта вам даюць 300 долараў штомесячна? А калі захочацца пабачыцца з дзіцём пасля яго нараджэння?

Аксана: Ён жа не ваш, вашай там няма ні адзінай клеткі, кроў іншых бацькоў. Вы проста прапануеце паслугі: вось, як інкубатары, сваё памяшканне для нармальнага развіцця. Але гэта не ваша дзіця.

Падчас размовы ні пра які маральны ці псіхалагічны аспект мне ніхто не казаў - на першае месца выходзілі грошы. Пасля ўводнай лекцыі мяне пачалі распытываць, што я з сябе ўяўляю. Аказалася мой узрост (23 гады) -- тое, што патрэбна. Наяўнасць вышэйшай адукацыі і дачкі таксама вітаецца, а вось мужа -- не. Я адразу ж выдумала гісторыю, што вырашыла скасаваць шлюб, таму мне вельмі патрэбны грошы. Такі паварот размовы вельмі спадабаўся Аксане: згодна з артыкулам 53 Кодэксу аб шлюбе і сям’і, муж таксама абавязаны даць пісьмовы дазвол, а калі ён не згодзіцца? У даволі “сур’ёзнай” арганізацыі такі ж і конкурс. Перш чым стаць сурагатнай маці, трэба прайсці вельмі жорсткі адбор: узрост не павінен быць звыш 35 гадоў, наяўнасць вышэйшай адукацыі, ўласнага дзіцяці. Зусім неабавязкова, каб будучыя бацькі і сурагатная маці былі знешне падобнымі (усе лічаць, што сурагатная маці тут ні пры чым). Пасля таго як фірма адабрала жанчыну, ёй арганізуюць сустрэчу з бацькамі.

Аксана: Сядзяць бацькі, і сядзіце вы. Не факт, што вас абяруць, бо адбор жорсткі: людзі плацяць вялікія грошы. На сённяшні дзень у нашай базе даных большасць дзяўчат з вышэйшай адукацыяй, чым у людзей больш высокі інтэлект, тым яны больш усё разумеюць.

На гутарцы пытанні, як правіла, задаюць мужчыны (нават могуць спытаць пра захапленні і любімы фільм, прызначыць яшчэ адно сумоўе ці спытаць фатаграфію), а вось жанчыны толькі цікавяцца станам здароўя. Не менш дзіўным мне падалося, што юрысты шукаюць сурагатную маці і размаўляюць з ёй, як медыкі. Аказалася, што маладзечанская фірма супрацоўнічае з медыцынскім цэнтрам “Эмбрыя”, дзе высвятляюць сумяшчальнасць генетычных бацькоў і сурагатнай маці.

Галоўны лекар Алег Тышкевіч бачыць у сурагатным мацярынстве толькі станоўчыя моманты: бяздзетная жанчына мае шанц выхаваць уласнае дзіця, а сурагатная маці проста ёй дапаможа. На тэму, як сябе адчувае жачына, якая аддае дзіця пасля родаў, ён адмовіўся размаўляць. Калі нараканняў пасля медыцынскага агляду няма, падпісваюць усе дакументы, у якіх сурагатная маці абавязваецца аддаць дзіця адразу ж пасля выпіскі з радзільні і ў далейшым не прэтэндаваць на яго. Па словах Аксаны, за час працы фірмы не ўзнікала някіх праблем. Да сённяшняга дня ўсе дамовы заключаліся ў спакойных абставінах, ніхто не нерваваўся: абацяную суму абаязкова перавядуць на банкаўскі рахунак.

Сурагатную маці шукаюць не толькі беларускія пары, але і з Расіі, ЗША. Заможныя кліенты за паслугі гатовы плаціць не больш за 15 тысяч долараў: яны дзеля даступнай цаны сюды і едуць, бо такая ж паслуга ў суседняй краіне каштуе ў два разы болей. Дарэчы, грошы можна зняць з банкаўскага рахунку толькі пасля нараджэння дзіцяці. З яго вывазам за мяжу, калі гэта неабходна, праблем не ўзнікне -- так абяцае юрыдычная фірма.

Начальнік аддзелу аховы мацярынства і дзяцінства Міністэрства аховы здароўя таксама адмовілася каментаваць Еўрарадыё гэту сітуацыю. Нагадаю, што толькі 8 месяцаў таму Савет Міністраў Беларусі ўзаконіў сурагатнае мацярынства. У артыкуле 53 Кодэксу аб шлюбе і сям’і прапісаны асноўныя моманты паводзін двух бакоў: стан здароўя сурагатнай маці, абавязкі, правы і тэрмін перадачы дзіця.

На развітанне Аксана папрасіла мяне, каб я хутчэй падумала над выгаднай прапановай і абавязкова патэлефанавала, бо конкурс з кожным днём расце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі