Тры месяцы ў прытулку прайшлі: Ігната вярнулі абаім бацькам, але ён абраў бацьку

Ігнат Шымановіч / belsat.eu
Ігнат Шымановіч / belsat.eu

Ігната Шымановіча адпусцілі з прытулку, дзе ён жыў з 5 ліпеня да 23 кастрычніка, але яго бацькі Дзмітрый і Таццяна так і не змаглі дамовіцца. Маці цягне хлопчыка да сябе (у кватэру сужэнцаў у Шабанах, дзе па рашэнні суда ён павінен пражываць з 2017 года). Сам Ігнат хоча жыць з татам, бабуляй і старэйшай сястрой у Міханавічах. Аднак камісія па справах непаўналетніх вырашыла вярнуць сына абаім бацькам, паколькі тыя добрасумленна выконвалі ўсё, што было прадугледжана планам абароны правоў і законных інтарэсаў дзіцяці.

"Калі я прыехаў па Ігната, мне паўтары гадзіны не давалі з ім убачыцца, — расказвае Дзмітрый Еўрарадыё. — Сын зачыніўся ў гардэробе і крычаў: "Я буду з татам, усё!" Пачуўшы мой голас, ён выбег і кінуўся да мяне, маўляў, пойдзем адсюль. Я сказаў, што ўсё трэба рабіць афіцыйна. З прытулку нас выпускаць не хацелі, тады я выклікаў міліцыю, якая распарадзілася: правесці дзіцяці і бацькоў да брамкі, выпусціць, а далей — хай самі разбіраюцца".

Дзмітрый кажа, што прапанаваў былой жонцы разам паехаць у кватэру ў Шабаны. Таццяна сказала, маўляў, мы паедзем з Ігнатам у машыне, а ты даганяй. Хлопчык наадрэз адмовіўся ехаць з мамай. Разам з бацькам ён адправіўся ў Міханавічы.

"Ігнат ужо можа хадзіць на ўрокі ў міханавіцкай школе, дырэктар прыняў дакументы. Але ў прытулку ён захварэў, кашляе. Маці званіла, пыталася, ці не патрэбны нейкія лекі. Я адказаў, што ўсё ёсць. Адправіў ёй СМС, што мы чакаем яе ў госці ў нядзелю. Яна не адказала і не прыехала", — расказвае Дзмітрый.

Паводле яго слоў, раней на сустрэчы з псіхолагам Таццяна казала, што не супраць, каб Ігнат жыў з татам. А ў прытулку яна сказала, што бацьку трэба ізаляваць ад зносін з сынам.

У выніку Дзмітрый падаў заяву ў суд, у якой папрасіў вызначыць месца жыхарства дзіцяці з ім. Ён спадзяецца, што суд будзе на баку інтарэсаў Ігната: "Колькі ўжо можна мучаць дзіця?"

У школе Ігната чакаюць сябры. Дзмітрый расказвае, што, пакуль хлопчык знаходзіўся ў прытулку, яны пісалі яму лісты.

"Што далей — будзе відаць. Пакуль мы радуемся, што ў наш дом вярнуўся смех, — кажа Дзмітрый. — Пракуратура прызначыла нам з Таццянай бясплатную медыяцыю. На камісіі па справах непаўналетніх былая жонка павяла сябе некарэктна, сказаўшы, што медыяцыя нічога не дасць. Я еду заключаць дагавор".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі