Тры гісторыі з-за кратаў ад Змітра Дашкевіча: шампанскае і БЧБ-сцяг

Тры гісторыі з-за кратаў ад Змітра Дашкевіча: шампанскае і БЧБ-сцяг

Абаронца Курапатаў, былы лідар маладафронтаўцаў Зміцер Дашкевіч на сваёй старонцы ў Facebook распавёў тры гісторыі, якія з ім здарыліся падчас нядаўняга адміністрацыйнага арышту. Яго затрымалі з бел-чырвона-белым сцягам у руках падчас традыцыйнай Курапацкай варты і адправілі за краты на 15 сутак. Там ён пераканаўся, што нацыянальная свядомасць, пратэстныя натроі імкліва пашыраюцца ў грамадстве. Ён чуў "Жыве Беларусь!" ад зэка, у якога "18 турэмных гадоў за плячыма". Бачыў дзецюка, якога міліцыі здала маці-прыхільніца дзейнай улады за бел-чырвона-белы сцяг. Арыштаваны ветэрынар пераказаў безнадзейныя словы міліцэйскага начальніка: "Мы ўсіх пасадзім!".

Я ўжо хацеў улегчыся ў стакане Бараўлянскага РУУС спаць, як у камеру закінулі папаўненьне – дзецюка майго веку, трохі пад градусам. Я падумаў: "Супер, вось ён электарат самаабвешчанага! Вось цяпер я зразумею, што яны ад нас хочуць?!" – Сямейны скандал? – Так, – "Клас! – падумаў я ізноў, аж сон адбіла!" – Жонка здала? – Не, маці. – Буяніў? – Ды не, бутэлькі размалёўваў. – Якія бутэлькі? – Шампанскага. – І навошта яны табе? – Кліент папрасіў. – І шо ты там маляваў? – Сьцяг бел-чырвона-белы. – Сьцяг?! – прыўстаў я. – Сьцяг! – горда адказаў той, – і гэта, – паказаў рукамі сардэчка, кулак і вікторыю. – А маці ў мяне "ябацька", дык пачалі мы зноў сварыцца і яна міліцыю выклікала. "Во це і трохпрацэнтны", – з расчараваньнем падумаў я і паставіў сабе задачу працягнуць пошукі, а сукамернік гэтым часам зацягнуў: "Толькі ў сэрцы трывожным пачую за краіну радзімую жах, успомню Вострую Браму сьвятую і ваякаў на грозных канях!.."


У 4-мясцовую камеру ІЧУ Менскага раёну мяне закінулі ўжо за поўнач. У ёй было два арыштанты: у аднаго 18 турэмных гадоў за плячыма, у другога – пару, абодва – падазраваныя па крыміналках. – За што? – не вылазячы з-пад коўдры запытаў самы сядзелец. – За Курапаты. – Стаіце там яшчэ? – Стаім. – І што там? – У кабак жраць езьдзяць. – Як там жраць можна, там жа людзей забівалі? – зьдзівіўся зэк і падняўшыся прысеў на нару. Зьдзівіўся і я: чалавек, які палову сьвядомага жыцьця катаўся па зонах, лепш бачыць за тых, хто яго ў гэтыя зоны садзіў. Мы пра тое-сёе пагаманілі, зэкі разоў пяць закурылі маленькую камеру і перад сном самы сядзелец узьняў кулак і гукнуў сукамерніку: – Жыве Беларусь! – Жыве! – адказаў той і абодва заваліліся спаць. "Афігець!.." – падумаў я і палез на нару.


Пасьля адбою ў 8-мясцовую камеру да змагароў зайшоў дзяцюк гадоў 35-ці і на роспыты адказаў, што пасадзілі яго быццам бы за п'янае брыдкаслоўе на вуліцы. Адарваўшыся ад кнігі, я глянуў на хлапака і зьдзівіўся – надта ўжо прыстойна і акуратна ён выглядаў, каб апынуцца п'яным дзебашырам. Высьветлілася, што хлопец працуе вэтэрынарам, а ў суседнім калгасе скралі нейкае дарагое вэтэрынарскае абсталяваньне. А як нехта паказаў на яго, то кіраўнік крымінальга вышуку Бараўлянскага РУУС вэтэрынара пад ноч проста з хаты і прыхапіў. Але прад'явіць чалавеку не было што і ён пачаў абурацца, чым раззлаваў міліцэйскага начальніка і той, дадзенай самазванцам уладай, абвесьціў: "Як ты такі борзы, то пасядзіш трохі! Выбірай за што сядзець будзеш: за сьцяг ці за мацяршчыну?" – Які такі сьцяг? – зьдзівіўся небарака. – Не кажы толькі, што на мітынгі не хадзіў? – хмыкнуў шакал. – Ну хадзіў, мама прасіла схадзіць зь ёй, дык мы разам і былі. – Ну дык вось і сядзеш! Мы ўсіх пасадзім! Кожную камеру прагледзім! Кожную морду ўстановім!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі