Тры гады барацьбы з п'янствам: алкаголікаў стала больш на 10%

Беларусь будзе змагацца з алкагалізмам разам з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Гэты напрамак супрацоўніцтва стане адным з найважнейшых цягам 2 бліжэйшых гадоў, даведалася Еўрарадыё ад кіраўніка бюро СААЗ у Беларусі Ягора Зайцава.
Ягор Зайцаў: “Мы працуем з Беларуссю ў рамках 2-гадовых планаў супрацоўніцтва і зараз падпісалі такі дакумент — план, які пачне дзейнічаць у гэтым годзе. І адным з яго прыярытэтаў з’яўляецца барацьба са спажываннем алкаголю. Раней гэты напрамак не быў прыярытэтны”.
Зараз жа палітыку супраць п’янства ў нашай краіне рэгулюе дзяржаўная праграма  №556, якую Саўмін прыняў у 2006 годзе. Яна разлічана на 5 гадоў і прадугледжвае каля 60 мерапрыемстваў, большасць з якіх ужо правялі. Па словах галоўнага нарколага Міністэрства аховы здароўя Аляксея Аляксандрава, палова з іх была накіравана на прафілактыку.
Аляксей Аляксандраў: “Галоўнае гэта інфармацыйна-прапагандысцкія і прафілактычныя мерапрыемствы. Гэта праца і са сродкамі масавай інфармацыі. Праца ў розных напрамках, ад лекцый да семінараў і круглых сталоў, акцый, буклетаў, даволі шмат чаго робіцца, усяго і не пералічыш”.
На істотнасць прафілактычных захадаў звяртае ўвагу і Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Праўда, поспехі нашай краіны ў гэтай галіне кіраўнік беларускага бюро СААЗ Ягор Зайцаў ацэньвае даволі скептычна:
Ягор Зайцаў: “Напрыклад, у нас у Беларусі я такой эфектыўнай рэкламы антыалкагольнай не заўважаў. Я вось нядаўна быў у Вялікабрытаніі і бачыў такую рэкламу ў газетах, што нават другі бакал піва запар гэта ўжо небяспечна”.
Найбольш эфектыўны і эканамічна выгадны метад барацьбы з п’янствам, паводле ацэнак СААЗ, гэта кантроль над даступнасцю алкагольных вырабаў. У некаторых краінах Еўрасаюза алкаголь прадаюць толькі ў спецыяльных крамах або абмяжоўваюць час продажу спіртнога, а цэны на вырабы з градусамі не апускаюць ніжэй вызначанага ўзроўню. У Беларусі таксама ўвялі абмежавальныя меры напрыклад, забаранілі прадаваць піва ў кропках рознічнага гандлю ды спажываць яго ў грамадскіх месцах. Тым не менш, цэны на спіртное ў нашай краіне ўсё роўна занадта нізкія, лічыць Ягор Зайцаў:
Ягор Зайцаў: “У Беларусі, вядома, няма такой вельмі лёгкай даступнасці алкаголю. Гэта адна з добрых мер. А вось цана на алкаголь у Беларусі заніжана. Даступнасць той жа гарэлкі ці пладова-ягадных він больш, чым мы б рэкамендавалі”.
Гэта адбіваецца і на аб’ёмах продажу. Па словах Ягора Зайцава, колькасць прададзенага алкаголю вырасла амаль у 2 разы ў параўнанні з 1991 годам і склала 12 літраў спірту на асобу ў год. Беларусы сталі купляць на 21% больш гарэлкі, у 2 разы больш піва і ажно ў 4 разы больш він (у тым ліку пладова-ягадных), чым у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. 
Наколькі эфектыўна ў такой сітуацыі працуе Дзяржаўная праграма па прадухіленні і пераадоленні п’янства і алкагалізму, у Мінаховы здароўя ацэньваць не бяруцца. Галоўны нарколаг Беларусі Аляксей Аляксандраў кажа, што пакуль не атрымаў дадзеных за 2009 год ад Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Аляксей Аляксандраў:Думаю, што калі мы даведаемся, якія дадзеныя будуць у Нацыянальнага статыстычнага камітэта, мы можам сказаць, ці дасягнулі сваіх мэтаў. Калі паказчыкі зніжаюцца, то наша праца эфектыўная, а калі застаюцца на тым самым узроўні, то будзем працаваць далей”.
Цікава, што сам Нацыянальны статыстычны камітэт атрымлівае дадзеныя менавіта ад Міністэрства аховы здароўя, даведалася Еўрарадыё ва Ўпраўленні дэмаграфічнай статыстыкі Белстата. 
Мы вырашылі самастойна параўнаць статыстыку Белстата з 2005 года, калі дзяржпраграма №556 супраць алкагалізму яшчэ не дзейнічала (яе запусцілі ў 2006-м), з дадзенымі за 2008 год. Высветлілася, што за гэты час агульная колькасць чалавек, якія церпяць на алкагалізм і алкагольны псіхоз павялічылася на 10% і склала больш за 193 тысячы чалавек. Сярод тых, каму такі дыягназ паставілі ўпершыню, стала на 6% больш жанчын. А вось адзіная лічба, якая крыху зменшылася ў параўнанні з 2005 годам (на 0,5%) гэта колькасць памерлых ад атручэння алкаголем.
Больш ніякай інфармацыяй па тэме алкагалізму беларускія дзяржаўныя органы не валодаюць. У той жа час іншыя краіны-сябры СААЗ значна больш увагі прысвячаюць маніторынгу сітуацыі з п’янствам. Акрамя колькасці зарэгістраваных алкаголікаў і смерцяў ад алкагалізму, высвятляюць таксама, колькі людзей увогуле не п’е, колькі разоў на месяц напіваецца сярэднестатыстычны жыхар, колькі асобаў адчуваць сябе залежнымі ад спіртнога, колькі цяжарных жанчын працягвае піць, як часта спажываюць алкаголь школьнікі і г.д. 
А вось Беларусь такія даследаванні дазволіць сабе не можа, паведаміў Еўрарадыё кіраўнік упраўлення дэмаграфічнай статыстыкі Белстата Аляксей Тарасенка.
Аляксей Тарасенка: “Як можна атрымаць такія дадзеныя? Іх можна атрымаць толькі на падставе сацыялагічных даследаванняў. Дадзеныя СААЗ і іншых міжнародных арганізацый атрымліваюць шляхам экспертных ацэнак. То бок яны выкарыстоўваюць апытанні насельніцтва, а каб яго правесці, неабходна фінансаванне. А ў нас, улічваючы цяперашняе эканамічнае становішча, хто будзе гэта фінансаваць? ”
Цікава таксама і тое, што нават дадзеныя па колькасці зарэгістраваных алкаголікаў і смерцяў ад алкагалізму не выклікаюць асаблівую зацікаўленасць у нашай краіне. Знайсці іх можна толькі ў спецыяльных публікацыях Белстата, якіх з-за невысокай запатрабаванасці выпускаюць толькі 200 асобнікаў на ўсю краіну.


Фота: alcoholism.neillneill.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі