Вы тут

Трэнерам прызавыя выплачваюць, а дырэктарам — не. Ці справядліва гэта?

Беларускія паралімпійцы і спартыўныя чыноўнікі. Фота: Минск-новости

Следчы камітэт паведаміў пра затрыманне за хабар дырэктаркі цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі паралімпійцаў. Іна Р. нібыта “пераканаўча прасіла” галоўную трэнерку цэнтра падзяліцца прызавымі за паспяховы выступ зборнай Беларусі ў Пхёнчхане. Па версіі СК, у выпадку адмовы з трэнеркай не працягнулі б кантракт.
 

Далей — сапраўдны дэтэктыў. Трэнерка (па інфармацыі Еўрарадыё, у Пхёнчхан са зборнай ездзіла Аксана Ч.) “пайшла на здзелку” і перадала "вымагальніцы" 15 тысяч долараў. Але грошы ўзяла не сама дырэктарка цэнтра па падрыхтоўцы паралімпійцаў, а яе сястра-блізня. Што праўда, 15 гадоў турмы пагражае ўсё ж менавіта дырэктарцы.

Хто атрымлівае прызавыя за гучныя спартовыя перамогі?

Гэта вызначана ўказам Аляксандра Лукашэнкі №190 ад 15 красавіка 2013 года. Спартоўцам “выдаюцца прызы ў грашовай цi натуральнай форме”. Трэнерам, якія бралі ўдзел у падрыхтоўцы гэтых спартоўцаў, выплачваецца ўзнагароджанне “ў памеры ад 20% да 100% ад кошту іх прызоў у залежнасці ад ступені ўдзелу трэнера ў падрыхтоўцы спартсмена”.

Вялікае начальства ў пералік тых, каго ўзнагароджваюць за поспехі спартоўцаў, не ўваходзіць. І тут, безумозна, ёсць глеба для незадавальнення і канфліктаў. Здаецца, ты таксама працаваў, арганізоўваў працэс, нёс адказнасць. А ў выніку ўсе прызавыя дзеляць твае падначаленыя!

Паралімпіяда ў Пхёнчхане стала адной з самых паспяховых для беларускіх паралімпійцаў. У ёй бралі ўдзел 15 спартсменаў, якія прывезі дадому чатыры “золаты”, чатыры “срэбры” і чатыры “бронзы”. Беларусь заняла 8-е месца ў камандным заліку.

Беларускія паралімпійцы вярнуліся з Пхеньчхана. Фота Еўрарадыё

Ці справядліва гэта?

"За паспяховыя выступы ўзнагароджанне атрымліваюць спартсмен, трэнер, першы трэнер, урач, масажыст, асобы, якія абслугоўваюць спартоўца. То бок, толькі людзі, якія ўдзельнічаюць непасрэдна ў яго падрыхтоўцы, — распавядае Еўрарадыё старшыня Паралімпійскага камітэта Алег Шэпель. — Маё асабістае меркаванне, што ганарар трэба выплачваць трэнеру, першаму трэнеру і медыцынскаму персаналу. Тыя, хто рыхтуе дакументы, за гэта атрымліваюць грошы".

Паралімпійскі камітэт, сцвярджае чыноўнік, нават у выпадку самых бліскучых выступаў зборнай Беларусі не атрымлівае нічога.

Каментаваць сітуацыю з хабарам Шэпель не хоча: гэта не яго структура, а Мінспорту. Але, нагадвае, што яшчэ падчас Паралімпіяды ў Карэі да яго дайшлі чуткі пра сітуацыю. Тады ён склікаў трэнераў і медперсанал на нараду і папярэдзіў, “каб не ганьбілі паралімпійскі камітэт”.

“Ніхто не верыць у гэта”

Што прасітуацыю кажуць фігуранты гісторыі і персанал цэнтра? Аксана Ч. цяпер знаходзіцца ў адпачынку за свой кошт. Размаўляць з журналістам па тэлефоне яна адмаўляецца.

Інструктар-метадыст РЦАП Сяргей Краснеўскі распавядае Еўрарадыё, што супрацоўнікі цэнтра шакаваныя навіной і нават не вераць у праўдзівасць гісторыі:

"У нас няма ніякіх меркаванняў, бо для ўсіх гэта вялікая нечаканасць. Ніхто не можа нават сабе ўявіць, як гэта магло адбыцца. Ніхто не верыць у гэта".

Намеснік дырэктара цэнтра па асноўнай дзейнасці Аляксандр Флёрка не сумняваецца, што размяркоўваць прызавыя лепш, чым прапісана ва ўказе Лукашэнкі, немагчыма:

"Адкрыйце ўказ №190 прэзідэнта, там усё напісана. Прэзідэнт падпісаў дакумент, як могуць яшчэ дзяліцца прызавыя?!".