Вы тут

Трэнер мінскага "Дынама": У нас не прынята прасіць прэміяльныя за 4:0

Сяргей Гурэнка. Фота: dinamo-minsk.by

Футбалісты мінскага "Дынама" атрымаюць прэмію за разгром санкт-пецярбургскага "Зеніта" толькі ў тым разе, калі гэта палічыць патрэбным кіраўніцтва. Пра гэтв галоўны трэнер футбольнага клуба Сяргей Гурэнка распавёў у інтэрв'ю выданню "Спорт-Экспресс".

9 жніўня "Дынама-Мінск" у трэцім кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы выйграла на сваім полі ў расійскага "Зеніта" — 4:0. Аднак прэмію за сваю перамогу дынамаўцы не прасілі, кажа Гурэнка. "У нас так не прынята. І хлопцам я кажу, што іх задача гуляць так, каб іх заўважылі, яны з'ехалі і падпісалі добрыя кантракты. Адны прэміяльныя сям'ю не забяспечаць, таму хай думаюць пра футбол", — патлумачыў ён.

Максімальны заробак у камандзе, па словах трэнера, складае 7000 еўра. Бюджэт клуба — каля 3,5-4 мільёнаў долараў.

На пытанне, ці не хоча ён папрацаваць трэнерам у расійскай прэм'ер-лізе Гурэнка адказаў так: "Калі буду камусьці цікавы, то чаму б і не? Але цяпер мяне ўсё задавальняе. Мне камфортна ў "Дынама", да таго ж прыемна бачыць, як твае хлопцы прыбаўляюць. На будучыню не варажу".