"Трайпл" Юрыя Чыжа прызнаў сябе банкрутам

"Трайпл" Юрыя Чыжа прызнаў сябе банкрутам

У Эканамічны суд Мінска паступіла заява аб аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве) групы кампаніяў "Трайпл". Як піша TUT.by, агульны памер крэдыторскай запазычанасці можа дасягаць 197,2 мільёна рублёў.

Большая частка акцыяў "Трайпла" належаць вядомаму бізнесоўцу Юрыю Чыжу — 66,5%. Астатняя доля пароўну падзеленая паміж расіянамі Іосіфам Аксенцьевым і Міхаілам Маміяшвілі — па 16,75%. Яны сталі акцыянерамі "Трайпла" пасля таго, як Чыж пасварыўся і разышоўся са сваім шматгадовым партнёрам Уладзімірам Япрынцавым

Галаўной арганізацыі "Трайпл" належаць пяць філіялаў — рэстаран "Залаты грабеньчык", лядовая арэна ў Бярозе, гарналыжная база "Лагойск", сельгаспрадпрыемства "Трайпл-Агра" і СПА-цэнтр у Мінску. Разам у іх працуюць 345 чалавек.

Паведамляецца, што па стане на 30 красавіка "Трайпл" завінаваціўся крэдыторам 99,3 мільёна рублёў. Асноўным крэдыторам з'яўляецца Белаграпрамбанк. 

Акрамя таго, у кампаніі ёсць запазычанасць у 246,3 тысячы рублёў перад персаналам і 175 тысяч рублёў — перад бюджэтам. Да гэтага дадаюцца абавязальніцтвы па дамовах паручыцельства. Агулам выходзіць 97,8 мільёна рублёў. Грошы браліся для стварэння сеткі крамаў "ProStore", мадэрнізацыі вытворчасці будматэрыялаў на Бярозаўскім камбінаце сілікатных вырабаў і "КварцМелПроме". 

Судовыя выканаўцы наклалі арышт на сродкі "Трайпла" на банкаўскіх рахунках. Арыштаваныя і акцыі Мінскага завода пеністых вінаў, якія належаць кампаніі. Таксама ўведзеная забарона на шэраг іншых фінансавых дзеянняў.

На сёння "Трайпл" займаецца пераважна будаўніцтвам жылых і камерцыйных аб'ектаў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі