Трактар у лізінг дадуць, а жыллё — не

З 1 верасня ў беларусаў ёсць магчымасць набыць жыллё ў лізінг. Гэта прадугледжана прэзідэнцкім указам № 99, які быў прыняты паўгода таму і набыў моц толькі цяпер. За гэтыя паўгода трэба было падрыхтаваць усе механізмы.

Таму тэлефаную ў лізінгавыя кампаніі, каб высветліць умовы набыцця асабістых метраў. Спецыялісты лізінгавых кампаній нават не чакаюць такіх пытанняў!

“Шчыра кажучы, вы першая, хто звярнуўся да нас з такім пытаннем. Але, на жаль, пакуль гэта немагчыма. Указ прынялі, але няма механізма, як нам працаваць. Пачакайце пару месяцаў і звяртайцеся зноў — будзеце першым кліентам”, — кажа мне спецыяліст Зміцер з "Будінвестлізінг”. Вось каб я была юрыдычнай асобай, аформілі б лізінг і на аўто, і на тэхніку, і на нерухомасць.

Спецыяліст падкрэслівае, нягледзячы на ўказ, звычайным беларусам няма сэнсу набываць жыллё ў лізінг, без змен у заканадаўстве.

“Асноўнае пытанне — падатку на дадатковую вартасць. Для вас, як фізічнай асобы, гэта будзе даражэй на 20%. Плюс стаўка лізінгу”, — кажа Зміцер.

Такім чынам, каб прэзідэнцкі указ запрацаваў, трэба вырашыць пытанне з падаткаабкладаннем даходаў лізінгавых кампаній: вызваліць іх ад ПДВ пры працы з фізічнымі асобамі пры перадачы ім жыллёвых памяшканняў. Інакш, кватэра будзе даражэйшай на гэтыя 20%.

Таксама патрэбныя змены ў Жыллёвы кодэкс, бо такога паняцця, як арэнда жылля з правам яго выкупу ў кодэксе няма. Павінен быць распрацаваны яшчэ адзін варыянт тыпавой дамовы, напрыклад, фінансавай арэнды жылля. Тады будзе зразумела, як выселіць, да прыкладу, даўжніка па камунальных плацяжах.

Няма мне лізінгавага шчасця і ў кампаніі Райфайзен лізінг.

“Людзі адразу кінуліся тэлефанаваць, ўсіх жа цікавіць нерухомасць, але нічым абрадаваць вас не магу”, — кажа спецыяліст Яўген. Ен пацвярджае, што ўказ прынялі, але як звычайна не падрыхтаваліся як трэба. Замест лізінга на кватэру мне прапаноўваюць ў лізінг новае аўто.

“Патрэбны пашпарт, працоўная кніжка, даведка аб даходах за тры месяцы, заробак павінен складаць не меней за 750 еўра. Працягваць?” — няўпэўнена цікавіцца спецыяліст. — Выбіраеце новае аўто ў дылера ў Беларусі, уносіце 25% ад кошту. Калі ўсё добра, мы плацім астатак, афармляем страхоўку — яе аплачваеце асобна. Калі машына каштуе 24 тысяч еўра, страхоўка складзе каля 1100 долараў. Калі захочаце выкупіць датэрмінова аўто, праз год гэта можна будзе зрабіць за 1000 еўра, і ўсе. Але гэта меней, чым плаціць па працэнтах яшчэ некалькі гадоў”.

Лізінгавая кампанія “АСБ Лізінг” гатовая выкупіць для мяне хоць халадзільнік, але таксама праз месяц. Спецыялісты спадзяюцца, што за гэты час будуць распрацаваныя ды пралічаныя лізінгавыя стаўкі ды адменіцца падатак на дадатковую вартасць.

“Хоць халадзільнік можам набыць, любая нерухомасць, аднак пад 20% — гэта не выгадна. Вам лепей пайсці ў банк за крэдытам”, — кажуць у “АСБ Лізінгу”.

Усе спецыялісты як адзін кажуць, што з цягам часу лізінг можа запрацаваць, калі зменяцца Жыллёвы ды Падатковы кодэксы.

Аднак у Беларусі ўжо некалькі гадоў быццам бы існуе іпатэка. У рэальнасці ж узяць яе ні ў дзяржаўным “Беларусбанку”, ні ў прыватным “Прыёрбанку” пакуль што немагчыма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі