Толькі кожны трэці, здаючы матэматыку ў Акадэміі МУС, набраў 15 са 100

У Міністэрстве адукацыі вырашылі палегчыць жыццё будучым юрыстам, міліцыянтам ды правазнаўцам: будуць здаваць на тэставанні замежную мову замест матэматыкі. І хоць такое рашэнне чыноўнікі прынялі яшчэ летась у ліпені, абітурыенты даведаліся пра гэта толькі ў снежні.

“Рыхтавала матэматыку, цяпер перавучваю англійскую мову”, — скардзіцца абітурыентка Віка, у профільнай групе будучых курсантаў акадэміі МУС у сацсетках. З ёй пагаджаецца іншы абітурыент: “Рыхтаваў матэматыку, нават не ведаю, як цяпер…”.

Але па выніках галасавання у той жа групе ў сацсетках толькі 30 чалавек са 119 — за матэматыку. Астатнім — лепш здаваць замежную ці наогул усё адно.

Хто выйграе?

Найбольш выгады ад новага рашэння — для будучых міліцыянтаў, якія ідуць у Акадэмію МУС і Інстытут міліцыі ў Магілёве. У акадэміі прызнаюць: “Большасць з тых, хто здаваў у нас, паступалі да нас”. Агулам з 162 абітурыентаў толькі 54 набралі 15 неабходных для паступлення балаў.

Патрапіць вучыцца на “адміністрацыйна-прававую дзейнасць” можна было з 143 баламі з 400 магчымых.

“Мы былі самі здзіўленыя, з намі гэта не звязана, нам мінадукацыі накіравала паперу, што па правазнаўстве цяпер трэба здаваць замежную мову”, — так рэагуюць у Магілёўскім інстытуце міліцыі.

Паступіць сюды летась на факультэт міліцыі, на юрыста можна было маючы ўсяго 110 балаў з 400 магчымых.

Каму усё адно?

Але змены закрануць не толькі профільныя ВНУ, усе абітурыенты спецыяльнасцяў "права" і "міжнароднае права" будуць здаваць замежную мову.

“Калісьці матэматыка ўводзілася, каб панізіць конкурс, а цяпер абітурыентаў не так шмат”, — тлумачаць у прыёмнай камісіі БДУ. Тут матэматыку здавалі нядрэнна. На правазнаўства сюды паступалі маючы 296 балаў з 400.

Як было раней?

Матэматыку для правазнаўцаў увялі 11 гадоў таму, у 2004. Акурат тады ў Акадэмію МУС паступала Юлія Ганчарова, сённяшняя супрацоўніца Следчага камітэта.

“Для юрыдычных навук больш характэрны гуманітарны профіль. Так склалася, што я паступала ў першы год, калі ўвялі матэматыку, дагэтуль здавалі замежную мову. Мне за некалькі месяцаў да яе падрыхтавацца досыць складана было”, — выказвае сваё асабістае меркаванне Юлія Ганчарова.

Сёлета матэматыку не змаглі здаць 25 тысяч абітурыентаў, набраць больш за 15 балаў са 100. А гэта больш за 25% ад тых, хто здаваў гэты прадмет.

Фота: websmi.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі