Тчкаідзэ: Грузію задавальняе пазіцыя Беларусі па Абхазіі і Паўднёвай Асеціі

Грузінскі палітолаг мяркуе, што з СНД таксама могуць выйсці Ўкраіна і Малдова, а Беларусь — адзіная краіна, якая адначасова можа застацца ў Садружнасці і зблізіцца з Еўропай. Выхад Грузіі з СНД прымусіць і іншыя краіны задумацца, ці прыносіць нейкую карысць сяброўства ў Садружнасці. Тым больш некаторым з іх Еўрасаюз сёлета прапанаваў гандлёвае супрацоўніцтва.

Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказаў кіраўнік Цэнтра даследаванняў еўрапейскай інтэграцыі Васіль Тчкаідзэ. Паводле яго слоў, праграма “Ўсходняе Партнёрства” значна больш прывабная, чым супрацоўніцтва ў рамках СНД:

Васіль Тчкаідзэ: “Асабліва пасля абвяшчэння праграмы "Ўсходняга Партнёрства" для 6 краін. У гэтых краін вельмі вялікія магчымасці, я маю на ўвазе не палітычны, а эканамічны, гандлёвы пункт гледжання. Напэўна, гэтыя краіны захочуць выйсці з СНД”.

Перш за ўсё, гэта тычыцца Ўкраіны і Малдовы, кажа Васіль Тчкаідзэ. А вось Беларусь застанецца ў СНД, упэўнены міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

Раман Якаўлеўскі: “Я б нагадаў словы Лукашэнкі, што Беларусь ніколі не будзе ініцыяваць пахаванне СНД. Хай існуе, як існуе. Хаця існуе яно ў асноўным толькі на паперы”.

Пасля выхаду з СНД Грузія збіраецца ўмацоўваць адносіны з Еўрасаюзам і нават стаць яго паўнавартасным сябрам. Але ў той жа час Васіль Тчкаідзэ адзначае, што Беларусь адзіная мае магчымасць наладзіць адносіны з Еўрасаюзам, нават застаючыся сябрам Расіі. І пазіцыя нашай краіны ў расійска-грузінскім канфлікце цалкам задавальняе Тбілісі:

Васілій Тчкаідзэ
: “У Грузіі няма такіх спадзяванняў, што Беларусь павінна абавязкова падтрымаць Грузію. Для грузінскай грамадскасці дастаткова таго нейтралітэту, які Беларусь праяўляе зараз”.

У Грузіі лічаць, што такім чынам наша краіна выконвае парады Еўрасаюза, які заклікае ўсе еўрапейскія краіны ўстрымацца ад прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, каб падтрымліваць добрыя адносіны з ЕС.

Фота: www.rus-obr.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі