Такой Літву вы яшчэ не бачылі!

Літоўскі прадпрымальнік, падарожнік і фатограф Марыюс Явайша прывёз у Нацыянальны мастацкі музей Беларусі выставу за 20 тысячаў долараў.
Асобу Марыюса Явайшы ведаюць далёка за межамі Літвы — да Беларусі праект "Нябачаная Літва" быў прэзентаваны мастаком у 15 краінах свету.


"І да нас вельмі важна таксама спрычыніцца да гэтага мерапрыемства, — адзначае дырэктар музею Уладзімір Пракапцоў. — Дзякуючы гэтым фотаздымкам, іншы погляд на Літву адкрылі для сябе не толькі беларусы, але і многія літоўцы".

Ідэяй Марыюса было паказаць усю краіну з розных бакоў і ракурсаў. Спачатку кніга была выдадзена толькі на літоўскай і англійскай мовах, а пасля перакладзеная яшчэ на 10 моваў свету. На дадзены момант кніга "Нябачаная Літва" — з’яўляецца самай вялікай па аб’ёме фотаздымкаў кнігай Літвы, якая выдадзеная тыражом больш за 50 тысяч экзэмпляраў толькі ў  сябе на радзіме, не кажучы ўжо пра замежжа.


Для кожнай краіны, дзе была ці яшчэ будзе прадстаўлена выстава "Нябачаная Літва" аўтар стварае спецыяльны камплект фотаздымкаў, у залежнасці ад аб’ёму памяшкання.

Марыюс Явайша:
"Усе гэтыя здымкі застаюцца ў Беларусі і, спадзяюся, будуць падарожнічаць па іншых гарадах вашай краіны".


Марыюс Явайша
Большасць здымкаў "Нябачанай Літвы" зроблена з розных лятальных апаратаў.

"Нават самапальных, — прызнаецца аўтар. — Якія зроблены са старых аўтамабіляў. Да іх "майстры" набываюць крылы, робяць шасі і канструкцыю. Гэта, вядома, рызыкоўна, але такая машына не падае хутка – яна зніжаецца сама па сабе не хутчэй за 2 м у секунду. У нас былі такія выпадкі, калі заканчваўся бензін ці нешта адбывалася з маторам".


Над вялікімі гарадамі на такіх "зэдліках" лётаць забараняецца, распавёў Марыюс, і ў такіх выпадках мастаку даводзілася шукаць невялічкія самалёты, верталёты ці паветраныя шары.

Фотаапарат, які выкарыстоўвае Марыюс для сваіх аэрафотаздымкаў,  — мадэль вядомай датскай кампаніі, камерай якой былі зробленыя першыя здымкі амерыканцаў на Луне. Усяго аўтарам зроблена больш за 20000 фотаздымкаў і толькі 1% з іх увайшоў у кнігу.

Перад тым, як лётаць над Літвой, Марыюс шмат лётаў над іншымі краінамі.

Марыюс Явайша: "Часам мне падавалася, што некаторыя краявіды ці гарады я ўжо бачыў. Іх я ўнёс у раздзел кнігі, які называецца "Літва ў свеце".

Так, напрыклад, аўтар знайшоў падабенства паміж маленькім гарадком у цэнтральнай Сіцыліі і адным з гарадоў Літвы; дзюнамі Намібіі і Нерынгі; адным з самых далёкіх астравоў архіпелага Гаваі і літоўскай Нерынгі з боку Курскай Касы.





Акрамя пейзажаў, Марыюс здымаў шмат гарадоў і вёсак. У некаторых выпадках шмат падобных здымкаў рабілі і іншыя аўтары —напрыклад, вядомы здымак Трокскага замку пад Вільняй.



Марыюс Явайша: "У такіх выпадках я спрабаваў зрабіць нешта неардынарнае. Шукаў цікавыя ракурсы, унікальная святло. У дадзеным выпадку я выкарыстоўваў не толькі лятальны апарат, але і будаўнічы кран, які мы спецыяльна для гэтай працы прывезлі і паставілі на астравок побач. Такі здымак, як гэты, немагчыма было зрабіць з ніякага лятальнага апарата".





На адкрыццё выставы прыйшоў і амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, які выказаў глыбокую падзяку Марыюсу Явайшы за гэтыя здымкі.


Эдмінас Багдонас
Эдмінас Багдонас: "Калі я ўпершыню ўбачыў гэтую кнігу, сам здзівіўся, што ў нас ёсць такія месцы ў краіне. Нават я сам, чалавек, які шмат чаго бачыў у свеце. Зараз па гэтай кнізе мы з сям’ёй склалі маршруты па тых месцах Літвы, якія самі хочам паглядзець. Гэтая кніга — самае яскравае запрашэнне ў Літву".



Вядомы беларускі фатограф Андрэй Лянкевіч, які таксама завітаў на адкрыццё выставы, адзначыў высокі ўзровень Марыюса Явайшы.


Андрэй Лянкевіч
Андрэй Лянкевіч: "Гэта проста суперузровень — узровень National Geographic здымкаў прыроды. Што для мяне з’яўляецца сапраўдным шокам і самым галоўным — тое, што гэта ініцыятыва звычайнага чалавека, які любіць фатаграфаваць і любіць сваю краіну. Чалавек сваю любоў да фотаздымкаў рэалізуе на карысць усёй дзяржавы. Проста хочацца паціснуць яму руку".

Марыюс Явойша з жонкай
Выстава "Нябачаная Літва" будзе праходзіць да 28-га верасня ў Нацыянальным мастацкім музеі.


Дарэчы, з 17-га верасня ў Літве праходзяць Дні культуры Беларусі. Як распавёў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музею Уладзімір Пракапцоў, адной з асноўных падзей, якія будуць прадстаўлены жыхарам Літвы, стане выстава Івана Хруцкага, 200-годдзе якога святкуецца ў межах ЮНЭСКА.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі