Марыупаль абстралялі з "Градаў", 30 загінулых (новае відэа)

Сітуацыя на ўсходзе Украіны абвастраецца яшчэ болей — раніцай 24 студзеня ўсходнія ўскраіны Марыупаля абстраляныя з установак “Град”. Загінула сама меней 10 чалавек, паведамляе ВВС са спасылкай на начальніка ўпраўлення МУС Украіны ў Данецкай вобласці Вячаслава Аброськіна. Адпаведнае паведамленне ён пакінуў у сваім Фэйсбуку.

Сакратар Марыупальскія гарсавета Андрэй Фэдай паведамляе ў Facebook новыя звесткі аб загінулых і параненых:

"Цяпер 30 загінулых, 93 параненых (палова цяжкія) 7 дзяцей. 53 шматпавярхоўкі, 4 школы, 3 дзіцячага садка, 14 прыватных дамоў, прамыя трапленні. Святла не будзе пакуль не дадуць калідор ваенныя пад Паўлаполем на 110 кВт. Цепланосбіт з кацельных пакуль злілі. Палатка на цэркве, разаграваем буржуйкі, ёсць гарачае харчаванне і коўдры. Заўтра прыступаем да вокнаў. Вялікі дзякуй усім хто дапамагае ".

Раней пра абстрэл Марыупаля сепаратыстамі паведаміў прэс-цэнтр спецаперацыі ўкраінскіх сіл на ўсходзе Украіны. Паступаюць паведамленні пра тое, што ў выніку абстрэлу рынка загінулі трое чальцоў адной сям’і.

У сваю чаргу, кіраўніцтва самаабвешчанай “Данецкай народнай рэспублікі” абвінаваціла ў абстрэле Марыупаля ўкраінскіх вайскоўцаў. Гэтак званы “штаб апалчэння ДНР” выступіў з заявай, паводле якой абстрэл вялі з раёну Стары Крым, падкантрольны ўкраінскаму войску.

Але яшчэ ў пятніцу лідар ДНР Аляксандр Захарчанка заявіў, што яго сілы больше не будуць весці з Кіевам перамовы аб перамір’і і працягнуць наступ да межаў Данецкай вобласці.

Народны дэпутат Антон Герашчанка піша ў Фэсбук, што ад абстралянага раёна Марыупаля да бліжэйшага блокпаста ўкраінскіх ваенных 4 км і атаку здзейснілі баевікі ДНР:

"Да бліжэйшага ўкраінскага блок паста нумар 15 - чатыры кіламетры. Нават з Граду памыліцца на 4 кіламетры не магчыма. Мэта гэтага ўдару, без сумневу стварыць паніку ў Марыўпалі і прымусіць ўкраінскую ўладу да перагляду нявыгадных для Пуціна Мінскіх дамоўленасцей. Аналагічным абстрэлам падвяргаюцца жылыя масівы гарадоў - Дэбальцава, Шчасце, Станіца Луганская ".

Цягам апошняга тыдня на ўсходзе Украіны рэзка ўзмацніліся баявыя дзеянні паміж украінскімі войскамі і прарасійскімі сепаратыстамі. У чацвер украінскія сілавікі прызналі, што яны цалкам страцілі данецкі аэрапорт, абарона якога працягвалася некалькі месяцаў.

У той жа дзень у Данецку абстралялі аўтобусны прыпынак, у выніку чаго загінула сама меней восем чалавек. Сепаратысты і ўкраінскія вайскоўцы ўсклалі адзін на аднаго адказнасць за гэту трагедыю.

ЕС: Марыупаль абстралялі з тэрыторыі сепаратыстаў

Кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза Федэрыка Магерыні заявіла, што жылыя раёны горада Марыупаля былі абстраляныя сёння з тэрыторыі, якая кантралюецца сепаратыстамі. Гэта адбылося пасля серыі нападаў ў Данбасе за апошнія некалькі дзён, у суправаджэнні заяваў пра далейшаыя наступы сепаратыстаў, якія прама адмаўляюцца выконваць спыненне агню.

Фота: REUTERS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі