Андрэй Гайдукоў атрымаў 1,5 года калоніі агульнага рэжыму

Прысуд абвясцілі аб 11 гадзіне ў Віцебскім абласным судзе. 27 чэвеня пракурор запрасіў для Гайдукова 2 гады зняволення. Раней генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк паведаміў, што абвінавачванне па справе Гайдукова перакваліфікаванае, аднак нумар новага артыкулу не назваў.

Суд над наваполацкім актывістам распачаўся 12 чэрвеня. Першапачаткова яго вінавацілі паводле двух артыкулаў: “Замах на злачынства” і “Здрада дзяржаве”. Гайдукову пагражала ад 7 да 15 год.

Блізкія і паплечнікі Андрэя Гайдукова мяркуюць, што яго справа сфабрыкаваная і выкліканая яго апазіцыйнай дзейнасцю.

Прысуд абавязкова будзе абскарджаны, паведаміў Еўрарадыё адвакат Гайдукова Вадзім Мушынскі.



Вадзім Мушынскі: “У частцы прызначэння пакарання прысуд будзе абскарджаны. Больш я нічога патлумачыць не магу – я знаходжуся пад падпіскай аб неразгалошванні матэрыялаў справы. Ні матэрыялаў справы, ні – хады судовага пасяджэння”.



Тым не менш адвакат звяртае ўвагу на тое, што “прыкметы здрады радзіме, у чым ад пачатку абвінавацілі Гайдукова, не знайшлі свайго пацверджання і таму яго дзеянні былі перакваліфікаваныя на больш мяккі від пакарання”.

Нагадаем, што наваполацкага актывіста затрымалі 8 лістапада мінулага году. Увесь гэты час Андрэй Гайдукоў правёў за кратамі, пеарважна ў СІЗА КДБ.