Сёлета Беларусь і Расія яшчэ двойчы счэпяцца за энергарэсурсы

Большасць эканамічных пагадненняў паміж нашымі краінамі былі і застаюцца часовымі, і ў гэтым праблема, — мяркуе эксперт. Як толькі дзеянне чарговай дамовы сканчаецца, выбухаюць канфлікты, з якіх складаецца сапраўдная фінансавая вайна Расіі супраць Беларусі Гэтая вайна вядзецца без танкаў і з ветлівай усмешкай. Расія меркантыльна змагаецца за ўласнасць і адчайна — за тое, каб называцца вялікай дзяржавай. А Мытны саюз — гэта толькі апошні з некалькіх паслядоўных крокаў па эканамічным падпарадкаванні нашай краіны:

Сяргей Чалы: “Я ўвогуле лічу, што ўсё, што цяпер адбываецца, — гэта цалкам скаардынаваная, па розных франтах, з ідэалагічным забеспячэннем, эканамічная вайна супраць Беларусі. А ваюе супраць Беларусі Расія, і ваюе даволі даўно.

Як толькі пачынаеш прыглядацца, адразу факты кладуцца ў пэўную лінію”.


Меркантыльныя цікавасці Расіі да Беларусі можна звесці ў адну фразу: набыць некалькі прыбытковых і канкурэнтаздольных прадпрыемстваў па кошце металалому. І Мытны саюз, які пачаў дзейнічаць з 1 студзеня 2010 года, — гэта апошні на дадзены момант крок Расіі ў гэтым напрамку. Праз адсутнасць таннай нафты беларускія НПЗ зробяцца менш прыбытковымі, і, адпаведна, больш таннымі.

І ўрад Беларусі, здаецца, нарэшце зразумеў, што Расія нам —не сябар. 25 сакавіка стала вядома, што Міністэрства юстыцыі Беларусі аспрэчвае мытныя пошліны на ўвоз расійскай нафты ў Эканамічным судзе СНД. Няўдалы дыялог ператвараецца ў судовае супрацьстаянне.

Я буду з табою, пакуль не пачнецца вайна

Сяргей Чалы: “Зараз выкладзем усю храналогію. Пачалося ўсё з газавага пагаднення, падпісанага ў 2007 годзе. Мы тады дамовіліся пра паступовы пераход на сусветныя кошты. Адначасова з Расіяй! Але Расія ўжо парушыла сваю частку гэтага пагаднення — яна адклала свой пераход з 2010 на 2012 год.

Каб нам было лягчэй пераходзіць на сусветныя кошты за газ, Расія паабяцала крэдыт у 2 мільярды долараў. Беларусь павінна была атрымаць яго ўвесь адначасова ў 2008 годзе. Аднак спачатку па просьбе Расіі яго адзін раз падзялілі на дзве часткі, а пасля — яшчэ раз. Пасля чаго ў траўні прагучала абсалютна нічым не справакаваная заява Кудрына: апошнія 500 мільёнаў долараў мы вам не дадзім!”

А Беларусь вельмі спадзявалася на гэтыя паўмільярда! У той час у Мінску працавала місія МВФ, і вырашалася пытанне пра наступны транш па праграме Stand-by. Адным з параметраў, якія вырашалі лёс гэтага траншу, была велічыня залатавалютных рэзерваў. На той момант нам не хапала нейкая дробязі — каля 300 мільёнаў долараў, але беларусы, падагрэтыя чуткамі пра наступную дэвальвацыю, у чэрвені раптам кінуліся скупляць валюту...

Сяргей Чалы: “Адбылася дзіўная рэч. Місія МВФ, замест таго, каб не выдаць наступны транш, у рэкамендацыях савету дырэктараў піша: так, умова не выкананая, але гэта наступства таго, што ў мінулы раз былі недаацэненыя маштабы крызісу. Да таго ж, узніклі праблемы з Расіяй... Але Беларусь была гатовая закрыць гэтую дзірку... Адпаведна, трэба павялічыць памер крэдыту яшчэ на 1 мільярд долараў!

Гнеў Расіі ў гэтай сітуацыі можна толькі ўявіць”.

Улетку 2009 года Расія робіць наступны крок — гэта “малочная вайна”. Кошт пытання — ізноў 1 мільярд долараў беларускага экспарту.

Сяргей Чалы:
“Малочная вайна” пачыналася па схеме, адпрацаванай ва Ўкраіне і не толькі. Кошт заводаў штучна паніжаецца, а калі яны пераходзяць у рукі гігантаў накшталт “Вимм-Билль-Данн” ды “Юнимилк”, усе пытанні вырашаюцца імгненна”.

Сказаць, што Расія прайграла “малочную вайну”, дык і не скажаш. У сакавіку 2010 года стала вядома, што “Юнимилк” запускае ўласную вытворчасць на заводах у Пружанах і ў Шклове, а “Danone” вядзе перамовы з мэрыяй Магілёва.

У 2010-м Беларусі і Расія яшчэ двойчы счэпяцца за энергарэсурсы

Але “малочная вайна” — гэта мінулае. Наступны этап эканамічнага супрацьстаяння Беларусі і Расіі будзе звязаны з тым, што большасць эканамічных пагадненняў паміж нашымі краінамі былі і застаюцца часовымі.

Сяргей Чалы: “Практычна можна гарантаваць, што сёлета ў нас з Расіяй будзе яшчэ як мінімум дзве сутычкі за кошты на энергарэсурсы. Гэта будзе кастрычнік, калі ізноў паўстануць пытанні па памерах бяспошлінных на нафту. І канец года, калі скончыцца 3-гадовае пагадненне па газе, падпісанае ў 2007 годзе.

Вось так у нас увесь час і атрымліваецца: мы прымаем часовае рашэнне, яно заканчваецца, і мы ізноў пачынаем бадацца. Напрыклад, пытанне пошлін на нафту... Скончылася пагадненне — і кожны пераглядае яго так, як бачыць. Расія лічыла, што калі пагадненне пра паніжаючы каэфіцыент закрываецца, Беларусь мусіць плаціць 100%”.


Але ўсе ж пагаджалася на падаўжэнне дамоваў. Што змянілася ў 2010-м, калі за некалькі месяцаў перамоваў беларусы не здолелі ні на цэнт зрушыць пазіцыю Расіі па мытных пошлінах на нафту?

Каціроўкі пацалункаў упалі

Сяргей Чалы: “Паралельна з фінансавым адбываецца ідэалагічны ціск на Беларусь. У інфармацыйнай прасторы Расіі ідзе яскравае фарміраванне грамадскай думкі: Беларусь — нахлебнікі, зараз мы іх прыціснем да пазногця!

Гэта прытым, што ўсе апошнія гады не ішло ніякай гаворкі пра нейкія датацыі, прэферэнцыі і г.д. Расія была гатовая плаціць і атрымлівала тавар. Але ў нашым выпадку гэты тавар быў — ілюзія таго, што яна застаецца лідэрам у рэгіёне”.


Усё было шчыра: нафта ў абмен на пацалункі. А зараз Расія ў крызісе, і каціроўкі пацалункаў крыху ўпалі... З нафтагазавага гіганта Расія ператвараецца ў дэцэнтралізаваную краіну, якая не здольная канкураваць тэхналогіямі і коштамі з іншымі вытворцамі энергарэсурсаў.

Жаданне насуперак абставінам заставацца звышдзяржавай эксперты называюць комплексам “веймарскай” Расіі. І тут у расіян узнікае пытанне: як захаваць былую веліч?

Сяргей Чалы: “Расійскі нацыяналізм вельмі адрозны, бо накіраваны супраць тых, каму яшчэ горш. Супраць жабракоў — гастарбайтэраў, людзей з Сярэдняй Азіі, Закаўказзя... У гэтым рэчышчы і грамадская думка пра Беларусь: гэта ж усё праз гэтую маленькую недакраіну, якая прысасалася, як камар, і ўсе сілы з быліннага волата высасала!

І такога яднання, як зараз супраць Беларусі, з часоў грузінскай вайны яшчэ не было”.


Гэта не азначае, што заўтра ў Беларусь увойдуць танкі. Але, няхай і без танкаў, але быць чарговай Грузіяй, якую паказальна пінае Расія, непрыемна. Праўда, на словах расійскі прэм’ер Пуцін нават дэкларуе далейшую падтрымку беларускай эканомікі. Але гучыць гэта так: паглядзім, хлопчыкі, як вы пратрымаецеся з існуючымі пошлінамі на нафту да 2012 года!

На гэтай вайне ты ці партызан, ці паліцай

Сяргей Чалы: “Сітуацыя вельмі сур’ёзная. У Расіі склаўся кансенсус паміж уплывовымі камерцыйнымі групоўкамі, уладнымі гульцамі і нават грамадскай думкай. Усе лічаць, што Беларусь трэба “мачыць”. Што яна не павінна існаваць за кошт Расіі як самастойнае ўтварэнне. Ці то Беларусь трэба далучыць, ці то папросту танна набыць усё, што Расію цікавіць.

І мы, нягледзячы на тое, што выбудоўвалі нейкія ідэалагічныя вертыкалі, апынуліся ў гэтай сітуацыі амаль бездапаможныя”.


Некалькі тыдняў таму ўсіх здзівіў антыбеларускімі выказваннямі віцебскі чыноўнік Андрэй Герашчанка. У інтэрв’ю расійскаму парталу materik.ru ён адкрыта выказаўся супраць беларускай мовы і іншых атрыбутаў суверэнітэту краіны. Днямі Герашчанку пакаралі вымовай. А Сяргей Чалы лічыць, што гэты неспадзяваны прыступ беларусафобіі цалкам вытлумачальны:

Сяргей Чалы: “Выпадак з Герашчанкам паказальны. Усе яго выказванні пра славянскае адзінства ў 1990-я гады былі часткай нашай дзяржаўнай ідэалогіі. Вось анекдот на гэтую тэму:

Едзе поўны аўтобус, і раптам адзін мужык паварочваецца і б’е габрэя па твары. А іншы мужык паглядзеў і таксама габрэя па твары пляснуў! Хуліганаў адвезлі ў міліцыю. Пытаюцца ў першага: “Ты чаму ўдарыў габрэя?” — “А ён мне на мазоль наступіў!” Тады пытаюцца ў іншага: “А ты чаму габрэя ўдарыў” — “А я паглядзеў на першага і падумаў, што ПАЧАЛОСЯ!”

Дык вось, Герашчанка падумаў, што пачалося. Ён вырашыў, што ўжо можна пісаць гэтыя рэчы: незалежнасць — памылка, нацыі няма, мовы няма і ўсё такое. Ён адчуў ціск з боку Расіі і адрэагаваў, як лакмусавая паперка”.


Што праўда, не ўсе рэагуюць на актыўнасць Расіі так, як Андрэй Герашчанка.

Сяргей Чалы: “У 1990-я гэта было цалкам нармальны, а цяпер ― выклікае абурэнне. Як гэта няма мовы?! Ёсць! Як гэта няма нацыі?! Ёсць!!! За 15 гадоў у Лукашэнкі пры дапамозе Расіі атрымалася зрабіць тое, што за 2-3 гады спадзяваўся зрабіць Пазьняк. Але нельга нарадзіць хутчэй, чым за 9 месяцаў... Фактычна, на нашых вачах зараз завяршаецца наш этнагенез.

І, фактычна, Расія за апошні год нарабіла столькі, каб адгарнуць Беларусь ад сябе, што проста праз пошук адрозненняў, праз усталяванне бар’еру “свой — чужы” і акрэслілі сябе беларусы”.


А найбольш здзіўляе Сяргея Чалага тое, як рэагуе на пагаршэнне стасункаў з Расіяй беларуская апазіцыя, якая ўхваляе тое, што эканамічнае становішча Беларусі пагаршаецца:

Сяргей Чалы: “Паглядзіце на нашу апазіцыю! Здаецца, менавіта яна павінна была б найбольш рашуча абараняць суверэнітэт Беларусі. Але раптам мы сутыкаемся ледзь не з пазіцыяй Леніна ў 1917 годзе: ператворым імперыялістычную вайну ў грамадзянскую! Немцы на нас нападаюць, яны дапамогуць нам скінуць царызм!

Вось гэтая пазіцыя мяне здзіўляе. Што яны, з дапамогай Расіі хочуць Лукашэнку скінуць? Але чаму яны не думаюць, што ім застанецца пасля гэтага?! Застануцца ж руіны!”


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі