Сяргей Чэрачэнь: у нас з чыноўнікамі дысананс ва ўспрыманні свету

Сяргей Чэрачэнь / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё​
Сяргей Чэрачэнь / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё​

Я шмат з якімі чыноўнікамі маю зносіны па родзе сваёй дзейнасці. І ў нас пастаянна з імі пэўны дысананс ва ўспрыманні свету. Калі ты яму кажаш адно, а такое адчуванне, што ён жыве ў іншай Беларусі, — расказвае старшыня партыі "Грамада" Сяргей Чэрачэнь. У першым выпуску праграмы "Кандыdating" палітык абмеркаваў з рэдактарам Еўрарадыё Змітром Лукашуком імідж партыі, расказаў пра "камуністычны бэкграўнд" і красунь, якія суправаджалі яго ў Цэнтрвыбаркаме.

Гендарнае раўнапраўе або прыгожая карцінка?

— Калі мы падавалі дакументы ў ЦВК, я прыйшоў са сваёй камандай. Яна складалася ў асноўным з хлопцаў. У інфармацыйных стужках вельмі шмат было абмеркаванняў "дзе гендарнае раўнапраўе?". Было і "братва рвецца да ўлады". Але мы не рвёмся да ўлады, мы хочам змяніць нашу краіну. Мы людзі, якія адбыліся, у нас практычна ўвесь калектыў складаецца з бізнесменаў, экспертаў, аналітыкаў, палітолагаў. Гэта людзі, якія могуць спакойна працаваць у сваім кірунку і не асабліва турбавацца, якая ў нас палітычная, грамадска-палітычная абстаноўка ў краіне. І вось мы сабраліся, а дзяўчаты кажуць: "Хлопцы, мы таксама хочам паказаць, што ёсць не толькі вы, але ёсць яшчэ і наш жаночы калектыў, і наш жаночы калектыў таксама прыгожы, таксама мае месца быць у камандзе". 

Палітыка як бізнес

— Мы не еўрапейскія краіны, не Расія. Там гэта бізнес. У нас гэта пэўнае самаахвяраванне, таму што мы трацім на гэта вельмі шмат часу. А час для нас — гэта адзін з самых каштоўных актываў. Таму што ён хутка заканчваецца і яго нельга купіць за грошы. І хлопцы і дзяўчаты гэта выдатна разумеюць. Але ў іх ёсць жаданне, каб праз год, два, пяць, дзесяць яны былі ўпісаны чырвонай або чорнай ручкай у нейкія гістарычныя працэсы. І яны маглі б сказаць унукам, што "а я вось гэта зрабіў".

Чэ!

— Многія праводзяць паралель, чаму "Чэ!" — Чэ Гевара, Зяленскі [прэзідэнт Украіны на выбарах выкарыстоўваў лозунг "Зе!". — Еўрарадыё], час "Ч" у ваенным лексіконе. Але мы рамантыкі — верым у перамогу, у перамены, у светлую будучыню. Можа быць, гэта юнацкі максімалізм, хоць у нас там ужо ёсць і далёка не юнакі, але тым не менш.

Пра фальсіфікацыю выбараў

— Зразумела, што вынік, хутчэй за ўсё, і гэтым разам таксама будзе фальсіфікаваны. Але людзі настолькі цяпер ужо напружаныя і на мяжы. Можа быць, ад аднаго не будзе залежаць вынік гэтай кампаніі, але калі людзей шмат, у гэтым выпадку гэта ўжо зусім іншая песня. То-бок калі людзі будуць выходзіць на мерапрыемствы, падтрымліваць сваіх кандыдатаў і гэта будуць не пікеты з 10-15-20 чалавек, калі гэта будуць пікеты, тысячы чалавек, то і ўлада таксама паглядзіць, што яна рэальна робіць нешта не тое.

Калі Чэрачэнь загаворыць па-беларуску?

— У мяне цяпер шчыльны графік. А зразумела, што [каб загаварыць па-беларуску] павінны быць камунікатыўныя навыкі і пастаянны трэнінг. У мяне яшчэ два гады пасля 9 жніўня распісаныя ў актыўным тэмпе. У 2023-м, я ўпэўнены, мы сядзем за кубкам кавы і пагутарым на беларускай мове. Мы ў сваёй праграме дэкларуем, што расійская і беларуская мовы гэта добра. Але нам трэба яшчэ і развіваць англійскую мову.

Пра "герояў нацыі"

— Я з многімі чыноўнікамі размаўляў па родзе сваёй дзейнасці. І ў нас пастаянна дысананс ва ўспрыманні свету. Калі ты яму кажаш адно, а такое адчуванне, што ён жыве ў іншай Беларусі. І я бачу, што ён не хітруе, што ён не круціць дзесьці ў сваім успрыманні. Ён рэальна так бачыць сітуацыю. Ён сядзіць у сваім кабінеце, за вялікай шыбай. Прыходзяць нейкія хлопцы, якія прыносяць яму адпіскі-падпіскі. Ён глядзіць на паперы, а там усё добра. Ён сам не выязджае ў рэгіёны, ён не бачыць замучаных людзей, якія ў нас у Беларусі жывуць. Зразумела, што па Мінску сітуацыя ў лепшым раскладзе. Але я калі прыязджаю ў рэгіёны, мне рэальна балюча глядзець. А чыноўнікі гэтага не бачаць. Яны жывуць у сваім свеце і лічаць, што ўсё добра. І вось пакуль мы не пакажам, не праз інфармацыйныя стужкі, сацыяльныя сеткі, што ў нас не ўсё добра, нас не ўсё задавальняе, яны будуць далей гнуць сваю праграму. І будуць лічыць, што яны героі нацыі.

Камуністычны бэкграўнд

— Калі я ацэньваў кірункі палітычнага развіцця, я паглядзеў, якія ёсць арганізацыі. Камуністычная партыя, іншыя арганізацыі. Усе яны былі менш вядомыя, менш раціраваныя. І я вырашыў, што я пайду, даведаюся, пагутару, што там за людзі, якая ў іх рэальная ўнутраная ідэалогія. Цяпер няма моцнай палярызацыі паміж левымі, правымі, цэнтрыстамі, анархістамі, гэта ўсё роўна цяпер усё размыта. І я трапіў да камуністаў. Так, я патраціў паўтара года, але я не надта шмат чаго там рабіў. Мне не давалі нічога рабіць. І мае прапановы яны адфутбольвалі на старце. У партыі я атрымаў каштоўны досвед: як працаваць у палітычнай структуры, як матываваць сваіх супрацоўнікаў, каб яны не сядзелі з маркотнымі тварамі і не тупілі ў стол, а рэальна хацелі нешта зрабіць. 

Партыйныя перспектывы

— Мы за паўтара года рэструктуравалі шмат унутраных працэсаў. Гэта выдатны базіс, каб ісці далей. Нельга нешта рабіць па пстрычцы. Неабходна спачатку правесці аналіз. Зрабіць экспертнае заключэнне, потым пераналадзіць працэсы і ўжо з рабочым механізмам ісці наперад.

Мы выдатна ведаем, якой павінна быць краіна наша ў будучыні, каб дзецям не было сорамна тут жыць. І каб яны не хацелі з'ехаць. Зразумела, што гэта не адразу — тысяча, дзве, тры тысячы чалавек прыйшло, і вось нешта кудысьці бегчы, нешта рабіць. Не. Мы павінны ў першую чаргу на сваім прыкладзе паказаць, якім чынам мы будзем гэта рабіць. І вось я па кроплях збіраю тых, сапраўды, людзей, якія змогуць унесці пераўтварэнні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі