Вы тут

Сямашка абвяргае Патупчыка: Ад імпарту электраэнергіі адмовімся ў 2020 годзе

Фота Змітра Лукашука

Яшчэ 5 гадоў таму Беларусь набывала за мяжой каля 8 мільярдаў кілават-гадзін электраэнергіі. У апошнія гады імпарт электраэнергіі ў нашы краіну значна зменшыўся, але цягам 2018–2019 гадоў мы будзем набываць у Расіі 2,5 мільярда кілават-гадзін электраэнергіі. І толькі ў 2020 годзе наша краіна цалкам адмовіцца ад імпарту электрычнасці, а не з 2018 года, як паведамлялася са спасылкай на словы міністра энергетыкі Уладзіміра Патупчыка.

Па словах віцэ-прэм’ера Уладзіміра Сямашкі, адмова ад імпарту стане магчымай дзякуючы запуску ў 2017 годзе дзвюх гідраэлектрастанцый і запланаванаму на лета 2019 года запуску БелАЭС.

Сямашка: “З уводам станцыі з’яўляюцца нават пэўныя лішкі электраэнергіі. І мы выходзім на тое, каб адмовіцца ад імпарту электраэнергіі. Плануем, што калі не ў наступным годзе, то да 2020 года мы дакладна адмовімся ад імпарту электраэнергіі. Больш за тое, мы вядзём сёння перамовы і па экспарце электраэнергіі з Беларусі”.

 

Па словах Уладзіміра Сямашкі, раней асноўнымі імпарцёрамі электраэнергіі ў Беларусь былі Расія і Украіна. Але калі імпартаваць электраэнергію з Украіны Беларусь перастала ў 2016 годзе, то з Расіі імпарт працягнецца да 2019 года ўключна.

 

 

Тады ўжо мы зможам ім прадаваць лішкі выпрацаванай БелАЭС энергіі. Калі ж з продажам узнікнуць праблемы, то, упэўнівае Сямашка, мы зможам назапашваць выпрацаваную электраэнергію ў спецыяльных “назапашвальніках”, каб карыстацца ёй пры патрэбе.