Вы тут

Сябры, гарады, серыялы: пра што беларусы пішуць палітвязням

Валанцёр штаба Віктара Бабарыкі Лявон Халатран атрымаў вельмі шмат лістоў у часе зняволення — і вельмі ўдзячны за іх / калаж Еўрарадыё

У беларускіх ІЧУ, ЦІП, СІЗА і калоніях знаходзіцца больш за тысячу чалавек, затрыманых па палітычных матывах. З іх больш за 900 на сёння ўжо прызнаныя палітвязнямі. Хтосьці са спіса ўжо выкраслены — напрыклад, тыя, хто адбыў пакаранне. Таму агульная колькасць палітвязняў большая, чым здаецца.

Галоўны спосаб падтрымкі палітвязняў для большасці — пісаць ім лісты, каб выказваць словы падтрымкі і нагадваць, што яны не засталіся адны. Еўрарадыё спытала сваіх падпісчыкаў, пра што яны расказваюць у сваіх лістах. Публікуем іх адказы як парады для тых, хто не ведае, пра што напісаць.

 

"Чакаю адказаў як паслання з космасу"

"Пішу лісты і паштоўкі. У лістах расказваю пра сябе, свае хобі, дасылаю фота, налепкі, размалёўкі. Калі завязваецца перапіска, то расказваю, чым займаюся. Пытаюся, чым дапамагчы сям'і. Некаторым сем'ям дапамагаю матэрыяльна, хоць колькі, — адказвае чытач. — Дасылаю паштоўкі з днём нараджэння, з святамі і проста так. Часам і баюся пісаць, хто іх ведае, гэтых... але пішу ўсё роўна".

Паштоўкі нашы чытачы згадваюць часцей, чым лісты: кажуць, што лепш "праходзяць", хоць яшчэ больш шанцаў трапіць да адрасата ў тэлеграм.

 

Лісты для зняволеных значаць шмат / takiedela

Самае простае, што прапануюць падпісчыкі, — абмяркоўваць падзеі і цікавыя факты. Хтосьці піша пра "навіны, якіх не пакажуць на БТ", хоць і вымушаныя расказваць пра іх так, каб не было пытанняў у цэнзараў. Іншыя — проста пра цікавыя кнігі, серыялы і творы мастацтва.

"Пра восень, пра любімыя кнігі, пра музыку, любімыя месцы ў горадзе. Пра жыццё", — дзеліцца сваімі тэмамі яшчэ адна чытачка.

Многія хоць і хочуць, але не пішуць палітвязням. І таксама расказалі чаму.

 

Баяцца і не ведаюць, пра што

"Прыклад Міронава [актывіста Іллі Міронава, які адправіў 2,5 тысячы лістоў палітвязням і пазней сам быў затрыманы. — Еўрарадыё] паказвае як годнасць, так і небяспечнасць", — так адзін з падпісчыкаў тлумачыць, чаму асцерагаецца пісаць палітвязням.

Некаторыя кажуць адкрыта: баюся пераследу. Хоць і тут ёсць выйсце: "Я баюся пісаць сам, таму спансую ініцыятыву [па адпраўцы лістоў. — Еўрарадыё]".

Але самая частая прычына (пасля ляноты, у якой ніхто не прызнаецца): многія не ведаюць, пра што пісаць.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.