Святлана Ціханоўская: на пікеце ў маю падтрымку адбылася брудная правакацыя

Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская

Удзельніца прэзідэнцкіх выбараў 2020 года Святлана Ціханоўская запісала відэазварот з патрабаваннем вызваліць свайго мужа і па сумяшчальніцтве кіраўніка сваёй ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага. 29 траўня папулярны ютуб-блогер (яго канал называецца "Страна для жизни") быў затрыманы ў Гродне падчас выбарчага пікета.

Святлана Ціханоўская заяўляе, што ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага была здзейсненая "брудная правакацыя". Яна звяртае ўвагу, што пікет насіў законны і мірны характар. Затрыманне кіраўніка сваёй ініцыятыўнай групы Святлана расцэньвае як парушэнне сваіх канстытуцыйных правоў і ціск на палітыка, якая вылучаецца ў прэзідэнты Беларусі. Яна збіраецца аспрэчваць затрыманне Сяргея Ціханоўскага ў Цэнтрвыбаркаме і ў МУС.

Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня, калі праводзіў у Гродне сустрэчу з выбаршчыкамі і збор подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. Спачатку да Ціханоўскага сталі чапляцца дзве жанчыны. Ён спярша размаўляў з імі, а пасля перастаў рэагаваць на іх пытанні.

Тады жанчыны (адна з іх не змагла сказаць, які ютуб-канал вядзе Ціханоўскі) паклікалі міліцыянтаў. Тыя пачалі хапаць відэаблогера за рукі. Прыхільнікі Ціханоўскага сталі абараняць яго. Адзін з міліцыянераў апынуўся на зямлі, пасля гэтага некалькіх удзельнікаў пікета затрымаў АМАП.

Вось як гэта было:

Святлане Ціханоўскай 38 гадоў. Яна перакладчыца, але цяпер часова не працуе — займаецца хатняй гаспадаркай. У прэзідэнты яна вылучылася, калі Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы яе мужа. У той момант Сяргей Ціханоўскі адбываў адміністрацыйны арышт за ўдзел у акцыях супраць "паглыблення інтэграцыі" з Расіяй, якія прайшлі ў снежні 2019 года.

На пытанне старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай пра тое, ці сур'ёзна Святлана Ціханоўская збіраецца змагацца за прэзідэнцкае крэсла, яна адказала: "Марыла пра гэта ўсё жыццё". Для таго каб падпісацца за вылучэнне Ціханоўскай кандыдаткай у прэзідэнты, у Мінску, Гомелі, Баранавічах і іншых гарадах людзі па некалькі гадзін стаялі ў чэргах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі