Вы тут

Святлана Ціханоўская — пра загінулага ва Украіне беларускага байца

Павел "Волат" / Фота з сацсетак

Святлана Ціханоўская адрэагавала на гібель ва Украіне беларускага байца. У баі за вызваленне ад расіян аднаго з украінскіх населеных пунктаў загінуў камандзір роты беларускага батальёна імя Кастуся Каліноўскага Павел "Волат". Ён ваяваў за Украіну з 2016 года.

"Смерць любога беларуса — велізарная трагедыя для ўсіх нас, — піша Ціханоўская. — ...Мае шчырыя спачуванні яго родным, блізкім, сябрам і пабрацімам".

Святлана Ціханоўская нагадвае, што сёлета ў баях за Украіну загінулі ўжо шэсць беларусаў. "Усе яны — героі, а героі назаўжды застаюцца ў памяці людзей", — адзначае палітык.

Раней у баях за Украіну загінулі байцы беларускага батальёна імя Кастуся Каліноўскага Ілля Хрэнаў ("Ліцьвін") і Зміцер Апанасовіч ("Тэрор"). Яшчэ трое загінулых беларусаў служылі ва ўкраінскіх падраздзяленнях: Зміцер Рубашэўскі ("Ганс"), Аляксей Скобля ("Тур") і Канстанцін Дзюбайла ("Фенікс"). Скобля служыў у элітным ўкраінскім спецпадраздзяленні, пасмяротна ён узнагароджаны зоркай Героя Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.