Святлана Ціханоўская: арганізоўваць пікеты больш няма сэнсу

Святлана Ціханоўская: арганізоўваць пікеты больш няма сэнсу

Праводзіць мітынгі і пікеты да 9 жніўня ўжо няма сэнсу, таму яны ладзіцца не будуць. Пра гэта Святлана Ціханоўская заявіла ў інтэрв'ю Бі-Бі-Сі. На яе думку, улады ўсё адно што-небудзь прыдумаюць, каб сарваць яе сустрэчу з выбарцамі.

Кандыдатка ў прэзідэнты кажа, што 6 жніўня да апошняга моманту спадзявалася на магчымасць правесці заяўлены мітынг-канцэрт у парку Дружбы народаў. Толькі пасля афіцыйнай адмовы і забароны на ўсталяванне апаратуры яна вырашыла адправіцца ў іншае дазволенае для мітынгаў месца — Кіеўскі сквер. 

Ціханоўская падкрэслівае, што там праходзіла дзяржаўнае свята, куды мог прыйсці кожны. "Якая гэта правакацыя? Мы хацелі з людзьмі пакантактаваць, а вы нам забаранілі ўсе пляцоўкі", — тлумачыць яна. Праўда, кандыдатка прызнаецца, што не чакала такой вялікай колькасці людзей.

Да Кіеўскага сквера Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала дабіраліся паасобку. Кандыдатка кажа, што ішла па бульвары Шаўчэнкі, калі яе папярэдзілі, што ў скверы шмат народу і больш бяспечна будзе туды не хадзіць.

Яна адзначае, што для выбарчай агітацыі ўлады адвялі толькі тры тыдні. Да таго ж, 6 жніўня ўлады занялі пад дзяржаўныя акцыі ўсе дазволеныя пляцоўкі. "Тое, што ў нас увесь апошні тыдзень агітацыю сарвалі, гэта супрацьзаконна", — кажа Ціханоўская. На яе думку, Мінгарвыканкам парушыў заканадаўства, заняўшы адначасова ўсе агітацыйныя пляцоўкі. Адпаведную скаргу штаб Ціханоўскай падаў у Мінгарвыканкам.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі