Святаслава Барановіча перавялі на турэмны рэжым зняволення

Святаслава Барановіча перавялі на турэмны рэжым зняволення

У папраўчай калоніі №1 Наваполацка 12 лютага завершылася судовае разбіральніцтва супраць Святаслава Барановіча, асуджанага за бойку ў тралейбусе з міліцыянтамі. Аднак рашэнне суда, як піша праваабарончы сайт "Вясна", было агучанае толькі 15 лютага. Суд пастанавіў, што Барановіч на астатні тэрмін пакарання — 1 год 7 месяцаў і 20 дзён — "пераводзіцца на турэмны рэжым".

Суддзя Ф. Янюк, якая разглядала гэтую справу, спасылалася на тое, што толькі ў кастрычніку 2018 года Барановіч атрымаў 12 дысцыплінарных спагнанняў. Дарэчы, вязень абскарджваў іх у судзе Наваполацка і Віцебскім абласным судзе, але безвынікова.

Яго сястра Наталля распавяла праваабаронцам, што Святаслаў працяглы час знаходзіцца ў штрафным ізалятары, не мае кантактаў са знешнім светам і пастаянна атрымлівае разнастайныя дысцыплінарныя пакаранні. "Ад адваката вядома, што ён моцна схуднеў, згубіў каля 10 кілаграмаў вагі”, — дадала жанчына.

Падчас адбыцця пакарання адміністрацыя калоніі паставіла Барановіча на розныя ўлікі. Як “асоба, схільная да захопу закладнікаў і хуліганскіх праяваў,” ён быў пастаўлены на ўлік праз чатыры дні пасля таго, як трапіў у калонію. 

Нагодай для асуджэння Барановіча стала здарэнне 15 сакавіка 2017 года. Пасля "Марша недармаедаў" невядомыя асобы ў цывільным напалі ў тралейбусе на анархістаў, якія вярталіся з дазволенай уладамі акцыі. Барановіч заступіўся за моладзь, але чалавек, з якім ён біўся, выявіўся супрацоўнікам міліцыі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі