Свята, пра якое "рэкамендуюць" маўчаць

Сёлетняе святкаванне ўгодкаў БНР запомніцца вогнішчам з партрэтаў кіраўніка дзяржавы і звальненнем выкладчыцы за тлумачэнне сутнасці Дня Волі
Дзень Волі — 91-я ўгодкі ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі — сёлета святкаваліся даволі сціпла. У арганізатараў мінскай вулічнай акцыі не было вялікіх рэсурсаў для яе падрыхтоўкі, таму яны заклікалі патэнцыйных удзельнікаў прыносіць з сабой сцягі, расцяжкі.

Абсалютна не дзіўна, што незалежныя СМІ актыўна, падрабязна і разнастайна асвятлялі святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Волі: відэа-сюжэты, фотарэпартажы, онлайны, прамыя ўключэнні. Нямала было і гістарычных матэрыялаў, прысвечаных БНР. На сайтах гэтых рэсурсаў было відаць, што 25 сакавіка — гэта сапраўднае беларускае свята.

Аднак, відаць, не ўсе так лічаць. У традыцыйнай рубрыцы прэзідэнцкай газеты “Советская Белорусcия” “Гэты дзень у гісторыі”, напэўна ж, мусіла быць напісана: 25 сакавіка 1918 года — дзень абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ды дзе там! Чытаем, што ў гэты дзень нарадзіўся італьянскі дырыжор Артура Тасканіні.

Аказваецца, 25 сакавіка быў заснаваны Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстынут. А пра ўтварэнне беларускай дзяржаўнасці — ні слова. Нагадаем, летась “СБ” да ўгодкаў БНР зладзіла адмысловы “круглы стол”.

Артыкул, прысвечаны Дню Волі, з’явіўся на старонках “Саўбеліі” толькі 27 сакавіка. І ён хутчэй нават быў прысвечаны не Дню Волі, а акцыі апазіцыі, якую “СБ” у чарговы раз абвінаваціла ў "працы на камеры":

“У гэты, па версіі апазіцыі, святочны вечар усе, хто сабраўся каля Акадэміі навук, "прыйшлі працаваць" (гэта словы аднаго з арганізатараў акцыі). Міліцыя, зразумела, каб не дапусціць хаоса. А ўдзельнікі акцыі — трэба меркаваць — паказаць сябе на змрочным фоне прыцясненняў і ганенняў. Рэпарцёры — дабрасумленна гэта зафіксаваць... Вынікамі фота- і відэасэсіі ўжо напоўнены Інтэрнет. І глядач, неспрактыкаваны ў мастацтве пастановачнага кадра, толькі пацокае языком. Вось мірная калона, вось брутальныя байцы. Відавочна няроўнае супрацьстаянне. І ўжо няма сэнсу ўнікаць у іншыя дэталі".   

Тэлеканал СТВ “абсмактаў” гэтую падзею не з горшым густам. Дарэчы, прыўладныя медыі традыцыйна дадаюць “так званы”, у гэтым выпадку ў дачыненні да Дня Волі. Таксама прадказальна яны бэсцяць апазіцыю. Вось што паведамляў тэлеканал СТВ:

“Выкарыстанне няспелых юных розумаў для стварэння "карцінкі" масавасці ў апошнія гады стала фірмовым стылем апазіцыі... Большасць удзельнікаў — непаўналетнія. Менавіта ў такім узросце ўсё адно, дзе ладзіць перакуры альбо тусоўкі. Сама "карцінка" таксама традыцыйная: прыкрытыя хусткамі твары, стандартныя лозунгі і ўсё тая ж разгубленасць дарослых арганізатараў нібыта масавага пратэсту”.

Іншыя беларускія дзяржаўныя тэлеканалы падалі прыблізна такую ж інфармацыю пра Дзень Волі.

Абсалютна інакш, што натуральна, выказаліся незалежныя медыі. Газета “Наша Ніва” не пасквапілася на маляўнічыя эпітэты, апісваючы мітынгоўцаў:

“Арганізатарам удалося па-свойму элегантна перайграць улады. Жывы ланцуг глядзеўся эфектна, людзям падабалася тое, што яны робяць. Ужыццю сілы супраць такой падкрэслена мірнай акцыі немагчыма было б знайсці ніякае абгрунтаванне”.

Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч таксама палічыў акцыю ўдалай. Хоць на яе прыйшло і менш людзей, чым ёсць чытачоў незалежнай прэсы.

"Я лічу, што дэманстрацыя людзей, для якіх Дзень Волі з’яўляецца святам незалежнасці, атрымалася. Удзельнікаў акцыі было менш, чым чытачоў незалежнай прэсы і актыўных на форумах, але ў цэлым дэманстрацыя прайшла ўдала”, — заявіў Віктар Івашкевіч у інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

Самым яскравым і запамінальным момантам мінскай акцыі, відаць, аказалася спальванне партрэтаў кіраўніка дзяржавы. Некаторыя СМІ адразу ж “накрэатывілі” яркія загалоўкі. Так, артыкул на расійскім сайце “Газета.ру” выйшаў пад загалоўкам “Лукашэнка згарэў санкцыянавана”. Аднак іх пераплюнуў украінскі сайт from-ua.com. адна з навінаў там гучала так: “У цэнтры Мінска спалілі Лукашэнку!”.

Партал tut.by правёў апытанне сярод беларусаў: што такое БНР і Дзень Волі? Не ўсе ведалі, што гэта такое. А многія асацыююць свята толькі з апазіцыяй:

"Дзень волі — гэта калі БНФ мітынгуе? Вось БНФ ведаю, а БНР... цяжка нешта сказаць", — гаворыць прадавачка Таццяна Дзенісеня. Супрацоўніца камунальных службаў Святлана Андрэеўна трымаецца такой жа думкі. "Нейкае апазіцыйнае свята. БНР... Народная рэспубліка, гаворыце. Ніколі не чула", — кажа яна.

Як бачым, далёка не ўсе нават чулі пра БНР і Дзень Волі. А гэта дзіўна, бо свята легальна адзначаецца ў Беларусі ўжо 20 гадоў, праўда, не на дзяржаўным узроўні. Відавочна, існуе праблема з інфармаваннем насельніцтва. З ёй сутыкнулася выкладчыца адукацыйнага цэнтру SOL Minsk Марыяна Груздзіловіч. Днямі яе звольнілі з працы якраз за тое, што яна распавяла навучэнцам пра Дзень волі.

Фота - bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі