Сваякі зніклых патрабуюць міжнароднага расследавання гучных знікненняў

Міжнароднага расследавання гучных знікненняў патрабуюць сваякі зніклых у Беларусі вядомых людзей. Пра гэта 17 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведамілі жонка палітыка Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар і маці журналіста Дзмітрыя Завадскага Вольга Завадская. Паводле Зінаіды Ганчар, накіравана шэсць зваротаў: на адрас генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча, у Парламенцкую асамблею Савета Еўропы, а таксама прэзідэнтам ЗША Бараку Абаме і Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву, канцлеру Нямеччыны Ангеле Меркель і прэм'ер-міністру Швецыі Фрэдрыку Рэйнфельту.

"Беларускія афіцыйныя асобы ў розныя перыяды агучвалі версіі то пра расійскі, то пра нямецкі след, то пра камерцыйны характар учыненых злачынстваў. Аднак даўно зразумела, што ўсё гэта — толькі спроба адцягнуць увагу ад сапраўдных прычын выкрадання вядомых у Беларусі людзей", — гаворыцца ў звароце да сусветных лідэраў.

"Мы вымушаны прасіць вас выкарыстаць усе наяўныя сродкі ўздзеяння на беларускія ўлады, каб тыя выканалі абавязацельствы перад грамадзянамі сваёй краіны і міжнародныя абавязацельствы, узятыя на сябе Рэспублікай Беларусь па правядзенні ўсебаковага і аб'ектыўнага расследавання знікнення нашых родных... У выпадку адсутнасці рэальных дзеянняў па расследаванні гучных спраў, просім вас ініцыяваць міжнароднае расследаванне гэтых злачынстваў", — зазначаецца ў звароце.

Подпісы пад зваротам паставілі Вольга Завадская, Зінаіда Ганчар і маці Юрыя Захаранкі Ульяна Захаранка.

БелаПАН нагадвае, што дзесяць гадоў таму ў Беларусі зніклі без вестак адразу тры чалавекі, два з якіх былі апазіцыйнымі палітыкамі. Так, 7 траўня 1999 года знік былы міністр унутраных спраў генерал Юрый Захаранка, а 16 верасня — былы кіраўнік Цэнтрвыбаркама Віктар Ганчар і яго сябар, бізнесмен Анатоль Красоўскі. Праз год, 7 ліпеня, знік аператар расійскага тэлеканала ОРТ (цяпер — Першы канал), былы асабісты аператар Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Завадскі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі