Суздальцаў: Беларусам трэба з'язджаць з краіны, іншага варыянту не бачу

Еўрарадыё: Ці можа Беларусь, без крэдыта, сваімі сіламі выправіць цяперашнюю эканамічную сітуацыю ў краіне?


Суздальцаў: “Можна абысціся, краіна выжыве. Цяпер ідзе вельмі цікавы працэс - рэзка зніжаецца імпарт, ідзе  аздараўленне, але, з іншага боку, гэтае аздараўленне збольшага за кошт насельніцтва. Пытанне, ці зможа вытрымаць насельніцтва? Бо цяпер аб’ектыўная дэвальвацыя на 60%, але ўлічваючы чорны рынак валюты, можна казаць пра дэвальвацыю працэнтаў на 200. І таму збядненне насельніцтва ідзе вельмі хутка. Недзе на ўзроўні заробку долараў сто сітуацыя можа выраўняцца і стабілізавацца. Але ёсць рызыка, што пачнецца масавая дэіндустрыялізацыя, яна фактычна і пачалася ўжо, проста яна можа набыць маштабны і беззваротны характар. Краіна, як гаворыцца, эканамічна сціснецца, у такую паўночную Малдову пераўтворыцца – у краіну гастарбайтэраў, пакінутых жонак, старых, пенсіянераў і ганарлівага прэзідэнта. Беларусь выжыве, але гэта будзе іншая Беларусь”.

Еўрарадыё: А якая?


Суздальцаў: “Вельмі небагатая, без сур’ёзных амбіцыяў, якія яна цяпер мае, з вельмі нізкім жыццёвым узроўнем, аграрная. Канешне, з вялікай стратай актыўнага насельніцтва – вялікай працоўнай эміграцыяй”.


Еўрарадыё: А наконт прыватызацыі - наколькі вялікая цікаўнасць Расіі да “ласых кавалкаў” беларускай эканомікі?


Суздальцаў: “Я не ведаю, для каго яны ласыя цяпер, у 1990 – былі яшчэ ласыя. Калі былі новыя заводы, яны былі цікавыя. Цяпер сітуацыя нестабільная, рынак расійскі нашмат цікавейшы і багацейшы, і інвеставаць тут прасцей. Расійскі бок настойвае на тым, каб была прыватызацыя, бо беларускі бок хоча мець крэдыты, а гэта трэба чымсьці абгрунтоўваць, ну прынамсі абгрунтаваць нейкімі прыватызацыйнымі пагадненнямі. Але цікавых актываў няшмат – 4-5. Аднак праблема ў тым, што з іх сапраўды харчуецца ўся краіна. І яны цяпер не могуць пракарміць краіну, звярніце ўвагу, ўсё працуе, ідзе на экспарт, але грошай не хапае. Валюта з’ядаецца на корані, проста, пэўна, з калёсамі знікае. У рэальнасці, канешне, прадаваць беларусам няма чаго. Таму Беларусь не мае нейкага моцнага прыватызацыйнага капітала, але з прычыны таго, што нічога іншага і няма, гэтаму надаецца вялікае палітычнае значэнне”.

 
Еўрарадыё: А наколькі пры выдзяленне гэтага крэдыта пазіцыя Расіі можа быць прынцыповай? Былі нейкія ўмовы і можна меркаваць, што яны не выкананыя?


Суздальцаў: “Там розны падыход. Нешта задавальняе Расію, нешта не задавальняе Беларусь, але і тыя і другія кажуць, што ўсё задавальняе. Насамрэч, падыходы вельмі розныя і складаныя і іх складана сумясціць. Нават тая ж праблема прыватызацыі - расійскі бок кажа, што без прыватызацыі не будзе грошай, а Беларусь кажа, што мы ўсё зацвердзілі і ў такім варыянце. Такі завочны дыялог паміж Кудрынымі і Харкаўцом. Таму Расія і падвесіла пытанне выдачы расійскага крэдыту, бо няма гарантыяў, а так проста аддаваць грошы… У Расіі хапае праблемаў, куды можна ўкласці грошы з большай эфектыўнасцю”.


Еўрарадыё: Што будзе далей? Чаго чакаць далей?


Суздальцаў: “Рынак будзе больш- менш стабільны да 3-4 чэрвеня, калі будзе вырашацца пытанне першага транша крэдыту ад ЕўрАзЭС. Калі крэдыт будзе выдадзены, то сітуацыя цягам месяца стабілізуецца, з’явіцца валюта і будзе неяк лягчэй. Хоць Лукашэнка абяцае, што валюта не знікне з абменнікаў, але яна знікне, бо настрой ў насельніцтва вельмі цяжкі. Але бяда ў тым, што нават калі зараз 3 мільярды вылучаць, то гэта стабілізуе сітуацыю на некалькі месяцаў, але праблему не вырашыць. І праз тры-чатыры месяцы пачнуцца яшчэ большыя правалы, спатрэбіцца ўкласці яшчэ больш грошай, каб гэтую сітуацыю змяніць. Трэба ісці на рэформы, але рэформаў не будзе, таму будзе ісці дэіндустрыялізацыя - народ будзе шукаць, дзе падзарабіць за межамі краіны. Ну што, трэба з’язджаць, спадарства, іншага варыянта для нармальных беларусаў я не бачу. Гэта краіна будзе АМАП-у, сілавікоў, наменклатуры, удоваў, разведзеных жанчын, пенсіянераў. А чым будзе жыць Мінск? Казіно, прастытуцыя, ну як такая батыстаўская Куба”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі