Урад Беларусі просіць Сусветны банк падтрымаць малы і сярэдні бізнес

Сусветны банк / officelife.media
Сусветны банк / officelife.media

Сусветны банк разглядае магчымасць аказання фінансавай падтрымкі малому і сярэдняму бізнесу ў Беларусі, паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў нашай краіне Алекс Крэмер. Такія запыты Сусветны банк атрымліваў ад беларускага ўрада.

— Мы атрымлівалі запыты падтрымаць намаганні краіны па фінансаванні малых, мікра- і сярэдніх прадпрыемстваў. А таксама — хатнія гаспадаркі праз сацыяльныя праграмы. Мы цяпер разглядаем гэтыя звароты дбайным чынам і рады былі пачуць, што ва ўрада з'явіліся ідэі па пашырэнні праграм сацыяльнай падтрымкі для тых, хто ўразлівы ў перыяд эпідэміі, — заявіў Алекс Крэмер падчас прэзентацыі эканамічнага агляду Сусветнага банка для Беларусі.

На мінулым тыдні Сусветны банк ужо зацвердзіў вылучэнне 90 млн еўра Беларусі для фінансавання праекта па рэагаванні на COVID-19. Сродкі дапамогуць забяспечыць неадкладныя патрэбы сістэмы аховы здароўя. Гэта датычыцца закупкі сучасных апаратаў ШВЛ, абязбольвальных сродкаў і антыбіётыкаў, а таксама сродкаў індывідуальнай абароны для работнікаў арганізацый аховы здароўя.

— Таксама частка сродкаў пойдзе на фінансаванне камунікацый па стымуляванні сацыяльнага дыстанцыявання і прафілактыкі распаўсюджвання інфекцыі. Усе закупкі будуць ажыццяўляцца на тэндарнай аснове. Пасля таго як грошы будуць выдаткаваныя, пройдзе аўдыт кожнага патрачанага цэнта, — дадаў Алекс Крэмер.

З 1992 года, калі Беларусь стала членам Сусветнага банка, краіне былі вылучаныя крэдытныя рэсурсы ў памеры 1,9 мільярда долараў ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі