“Сухі закон” у Барысаўскім раёне: крамы губляюць да паловы выручкі

“Сухі закон” у Барысаўскім раёне: крамы губляюць да паловы выручкі

Барысаўскі райвыканкам вырашае забараніць продаж любога алкаголю ў вясковых крамах падчас уборачнай кампаніі. Забарона распаўсюджваецца на ўсе крамы, незалежна ад таго, належаць яны прыватнаму прадпрымальніку ці буйной гандлёвай сетцы.

"Праз забарону мы губляем каля 30 адсоткаў месячнай выручкі, — распавядае Еўрарадыё супрацоўнік адной з крамаў “Еўраопт” у “сухім” Барысаўскім раёне. — Я з гэтай забаронай абсалютна не згодная, бо калі ўмоўны камбайнер захоча выпіць, ён знойдзе, дзе і як гэта зрабіць, а калі звычайны чалавек захоча купіць бутэльку віна ці шампанскага, то што яму рабіць у такім выпадку?"

Але гэта “Еўраопт”, буйная гандлёвая сетка, а што адбываецца ў звычайных сельскіх крамах, дзе асноўная выручка складаецца з алкаголю? "Уся выручка была на спіртным, ён складаў прыкладна 50 адсоткаў ад месячнай выручкі", — расказвае Еўрарадыё прадавачка крамы ў вёскі Жыцькава. Прадавачка мяркуе, што забарона бессэнсоўная: "Я працую ў гэтай краме даўно, жыву ў гэтай вёсцы — людзі будуць купляць самагонку. Цяпер "падымуцца" кропкі з самагонам, можа, бабулькі за лета на машыны дзецям заробяць".

Такая ж сітуацыя ў вёсцы Вялікая Ухалода: "У нас наогул пакупнікоў няма, выручка ніякая, — скардзіцца прадавачка мясцовай крамы. — Мы ў асноўным на алкаголі і зарабляем, у сярэднім за месяц прадаём яго на 3 тысячы рублёў, а зараз як?"

Якому алкаголю аддаюць перавагу, нам падрабязна распавядаюць у краме ў вёсцы Жыцькава: "У асноўным таннае віно (пладова-ягаднае) і гарэлку. Пладова-ягаднае мы набываем адно і тое ж, за 3,48 рубля. Яшчэ шмат піва купляюць. Ёсць замежны каньяк, у маленькіх бутэлечках, але ён дрэнна прадаецца, стаіць па паўгода — дарагі!"

Забарона будзе дзейнічаць з 7 па 31 жніўня 2017 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі