Вы тут

Сухарава супраць ушчыльнення: “Хай лепш зробяць дзіцячую пляцоўку ці паркоўку!”

Двор, які хочуць ушчыльніць / Еўрарадыё 

У мінскім спальным раёне Сухарава пачынаецца чарговая вайна супраць ушчыльнення. На скрыжаванні вуліц Маршала Лосіка і Семянякі збіраюцца будаваць адміністрацыйны цэнтр, дзе размесцяцца ЖЭС, апорны пункт міліцыі, аптэчны кіёск, кабінеты для дзіцячых гурткоў, танцавальная і трэнажорная зала. Мясцовыя жыхары супраць.

“Мы ўсе выдатна разумеем, што мець па суседстве той жа ЖЭС ды міліцыю не так і дрэнна, — кажа мясцовая актывістка Юлія Сядзельнікава. — Але для нашага густанаселенага раёна гэта было б дапушчальна, калі б з добраўпарадкаваннем усё было добра, калі б інфраструктура была развітая і добра працавала. А так атрымліваецца, што на добраўпарадкаванне грошай у бюджэце няма, а на адміністрацыйны будынак яны знайшліся. Хай бы лепш пабудавалі новую паркоўку ці павялічылі дзіцячую пляцоўку!”

Скрыншот Еўрарадыё

Змены ў праект дэтальнага планавання раёна былі прапанаваныя на пачатку 2019 года — у студзені і ў лютым праходзілі грамадскія слуханні. Тады мясцовыя жыхары напісалі скаргу наконт рэстарана, які таксама хацелі пабудаваць у мікрараёне. І яго вырашылі будаваць у іншым месцы. А вось на адміністрацыйны будынак, што мусіў з’явіцца паміж шматпавярховікамі, увагі тады не звярнулі.

Адказ уладаў / Скрыншот Еўрарадыё

Апомніліся сухараўцы толькі тады, калі на невялічкім кавалачку зямлі з’явілася будаўнічая агароджа. Паўнавартаснае будаўніцтва адміністрацыйнага цэнтра пакуль не пачалося —  за агароджай толькі знялі плітку на тратуарах і пачалі пракладаць камунікацыі.

Скаардынаваўшыся, людзі стварылі петыцыю з заклікам спыніць будаўніцтва. Яны кажуць, што будынак не зробіць жыццё ў мікрараёне больш камфортным і бяспечным: у квартале з’явіцца больш аўтамабіляў, яны будуць займаць парковачныя месцы жыхароў навакольных дамоў.

Адсюль і жаданне, каб замест адміністрацыйнага цэнтра ў раёне або пабудавалі паркоўку, або пашырылі дзіцячую пляцоўку. Юлія Сядзельнікава кажа, што ў кожным з навакольных дамоў жыве не менш як па 30 дзяцей, а вялікая пляцоўка з добрымі арэлямі ёсць толькі каля дома №42 па вуліцы Семянякі. На выхадных дзіцячая пляцоўка ператвараецца ў мурашнік, дзецям даводзіцца стаяць у чарзе, каб пагушкацца.

На плане новы будынак пазначаны нумарам 27 / Еўрарадыё

Але ў Мінгарвыканкаме адказваюць, што дзіцячых пляцовак у раёне дастаткова. Чыноўнікі супакойваюць актывістаў тым, што адрэгулююць дарожны рух вакол новага будынка новымі знакамі і ў найбліжэйшай будучыні пабудуюць навокал — на праектаваных вуліцах — некалькі шматузроўневых парковак. “Падстаў для карэкціроўкі праектных рашэнняў дэтальнага плана і выключэння размяшчэння шматфункцыянальнага будынка па эксплуатацыі №27 няма”, — сказана ў адказе за подпісам намесніка старшыні камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Вольгі Радчанка.

Мясцовыя жыхары плануюць паскардзіцца на Мінгарвыканкам і адміністрацыю Фрунзенскага раёна Мінска ў Адміністрацыю прэзідэнта. А калі гэта не дапаможа, пойдуць у суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.