Суд у Варшаве завочна арыштаваў трох беларусаў па справе аб рэйсе Ryanair

Самалёт Ryanair у Нацыянальным аэрапорце "Мінск", май 2021 года / AFP 

Самалёт Ryanair у Нацыянальным аэрапорце "Мінск", май 2021 года / AFP 

Акруговы суд у Варшаве завочна арыштаваў трох грамадзян Беларусі ў справе аб прымусовай пасадцы самалёта Ryanair вясной 2021 года ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск". Самалёт накіроўваўся па маршруце Афіны-Вільнюс. З Мінска пілоту паведамілі, што на борце выбуховае прыстасаванне і вымусілі здзейсніць пасадку. Сярод пасажыраў на борце знаходзіліся Раман Пратасевіч і Соф'я Сапега, яны былі затрыманыя.

Пастанова аб завочным арышце беларусаў, датычных да гэтай справы, была прынятая 4 верасня, піша Gazeta Wyborcza. Называюцца два прозвішчы былога дырэктара "Белаэранавігацыі" Леаніда Чуро і начальніка змены кантролю Яўгена Цыганова. Акрамя таго, прынята рашэнне аб завочным арышце афіцэра КДБ высокага рангу. Яго прозвішча выданне не прыводзіць. Ім выстаўленае абвінавачванне ў акце тэрору: узяцце падманам пад кантроль самалёта Ryanair (арт. 166 КК Польшчы) і незаконнае пазбаўленне волі пасажыраў і чальцоў экіпажа (арт.180 КК Польшчы). 

У публікацыі гаворыцца, што ўстанавіць абставіны пасадкі самалёта дапамог 42-гадовы дыспетчар, якія ўцёк у Польшчу з каштоўнымі доказамі. У прыватнасці, ён змог вывезці запісы з цэнтра кантролю за палётамі, зробленыя на тэлефон. Следства на працягу трох гадоў вяла Нацыянальная пракуратура Польшчы і Агенцтва ўнутранай бяспекі. 

Нагадаем, пра ад'езд з Беларусі дыспетчара Алега Галегава, які дзяжурыў у дзень пасадкі самалёта, стала вядома летам 2021 года. А ўвосень таго ж года спецслужбы Польшчы апублікавалі расследаванне, дзе сцвярджалася, што пасадка самалёта Ryanair у Мінску ў траўні 2021 года была аперацыяй беларускіх спецслужбаў. У прыватнасці, была апублікаваная інфармацыя, што 23 мая ў дыспетчарскай знаходзіўся супрацоўнік КДБ, які і прыняў рашэнне аб пасадцы самалёта.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі