Суд аднавіў на працы дырэктара "Віцьбы", якога раней звольнілі і затрымлівалі

Суд аднавіў на працы дырэктара "Віцьбы", якога раней звольнілі і затрымлівалі

Суд Кастрычніцкага раёна Віцебска аднавіў на працы дырэктара кандытарскай фабрыкі "Віцьба" Аляксандра Гідрановіча, якога раней звольнілі і нават затрымлівалі. Як інфармуе партал tut.by, 18 чэрвеня суд адмяніў усе раней накладзеныя на кіраўніка спагнанні, ён мусіць атрымаць ад камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Віцебскага аблвыканкама сярэдні заробак за час вымушанага прагулу — больш за 8 тысяч рублёў. Плюс яшчэ 500 рублёў маральнай кампенсацыі, 1100 рублёў — кампенсацыя за судовыя выдаткі. Праўда, гэтае рашэнне можа быць абскарджанае.

Пра гэтую справу Еўрарадыё распавядала ў студзені 2018 года. Якраз тады быў затрыманы Гідрановіч, які прапрацаваў дырэктарам буйнога прадпрыемства амаль 15 гадоў (а ўвогуле на "Віцьбе" ён з 1990-га). Яго падазравалі ва "злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненым службовай асобай з карысці, якое пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры". На той час ён быў ужо звольнены (у пачатку снежня 2017-га) "за сістэматычнае невыкананне без паважных прычын абавязкаў, ускладзеных на яго кантрактам". Праваахоўнікі сцвярджалі, што ў 2015-2017 гадах кіраўнік выкарыстоўваў транспарт "Віцьбы" ў асабістых мэтах,  незаконна атрымаў 42 квіткі на “Славянскі базар”, не плаціў за захоўванне на тэрыторыі прадпрыемства ўласнай машыны на працягу трох тыдняў. Агулам гаворка ішла пра 5 эпізодаў, страты ацэньвалі на 8 тысяч рублёў.

Затрыманне аднак было нядоўгім — крымінальную справу спынілі. Аляксандр Гідрановіч спрабаваў аспрэчыць рашэнне аб звальненні праз Кастрычніцкі суд, але няўдала. Аднак пасля таго, як справу разгледзела калегія Віцебскага абласнога суда, яе вярнулі ў той жа раённы суд, толькі ўжо іншаму суддзі. І Гідрановіч выйграў суд!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі