Студэнты-палітолагі: У Караткевіч няма каманды, Гайдукевіч не актыўны ў агітацыі

Будучыя палітолагі ― студэнты беларускіх універсітэтаў ― хваляць Таццяну Караткевіч за актыўнасць, крытыкуюць Сяргея Гайдукевіча за пасіўную агітацыю і не разумеюць, "што робіць у палітыцы Мікалай Улаховіч". Еўрарадыё папрасіла навучэнцаў прааналізаваць сёлетнюю выбарчую кампанію.

 

Студэнт старэйшых курсаў Максім, навучаецца па спецыяльнасці "паліталогія":

 

"У гэты раз, на мой погляд, найбольш ярка прадстаўленая палітычная афарбоўка: дэмакрат Караткевіч, ліберал Гайдукевіч, традыцыйны курс (многія называюць яго сацыялістычным) Лукашэнка, прарасійскі настроены Улаховіч.

Як заўсёды, многія кандыдаты бяруць на сябе ролю "адзінага апазіцыйнага". Аднак найбольш яркія дзеячы апазіцыі ў асобе Статкевіча, Лябедзькі, Някляева заклікаюць наогул не ўдзельнічаць у выбарах.

Адразу хацелася б вылучыць актыўнасць кандыдата Караткевіч. Многія не ўспрымалі яе ў якасці кандыдата, але ў дадзены момант яна вядзе найбольш актыўную медыйную працу: мноства старонак у інтэрнэце, пікеты ў гарадах, рэгулярныя сустрэчы з грамадзянамі ― на мой погляд, гэты кандыдат найбольш моцна выкарыстоўвае медыйныя рэсурсы, і яе сапраўды ведаюць у многіх гарадах Беларусі. Што ж тычыцца праграмы, то яна з разраду "і вашым, і нашым". Шмат гаворыцца аб сацыяльнай падтрымцы, аб рэфармаванні эканомікі, наладжванні добрых адносін з Усходам і Захадам... Шмат слоў, але якія менавіта змены будуць у эканоміцы? Якія метады рэфармавання будуць выкарыстаныя? Дзе моцная каманда, якая возьме міністэрскія партфелі і павядзе краіну да светлай будучыні? Шчыра кажучы, я не ўяўляю, як магчыма праводзіць рынкавыя рэформы, зніжаць падаткі і адначасова казаць аб сацыяльнай падтрымцы, нейкіх ільготах.

 

Кандыдат Гайдукевіч ― лідар "самай вялікай партыі Беларусі", ветэран прэзідэнцкіх выбараў. Трэба адзначыць, што лібералы ў асобе Лябедзькі і Раманчука не прызнаюць яго за свайго, лічачы праўладным кандыдатам і наогул не лібералам. Быць можа, у яго партыі і 50 000 тысяч прыхільнікаў, але дзе яны? І на палову не відаць актыўнасці, што ёсць у Караткевіч, якую падтрымліваюць нават не партыі, а грамадскія аб'яднанні. Адмова ад удзелу ў тэледэбатах, нізкая актыўнасць у інтэрнэце ― не падобна, каб чалавек быў сапраўды зацікаўлены ў агітацыі. Па праграме: стварэнне адзінай эканамічнай прасторы ад Лісабона да Уладзівастока, Беларусь як "Усходняя Швейцарыя", шырокая падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, правядзенне рэформ без узрушэнняў... Занадта шмат гучных слоў, але зноў-такі не бачны механізм рэалізацыі. Балансаваць паміж Усходам і Захадам вечна немажліва, абвясціць падатковыя канікулы для прадпрымальнікаў на 3 гады з нашым эканамічным становішчам і дзяржаўным абавязкам не ўяўляецца магчымым, хіба што калі хтосьці звонку будзе ўкладаць у Беларусь сродкі, дасць чарговы крэдыт ― але пад якія гарантыі?

 

Кандыдат Улаховіч вылучыўся ўжо тым, што сабраў у сваю падтрымку каля 180 тысяч подпісаў, больш толькі ў кандыдата Лукашэнкі. Для мяне гэта было дзіўна, няўжо "Беларуская патрыятычная партыя" і грамадскае аб'яднанне "Беларускае казацтва" карыстаюцца такой шырокай падтрымкай? Многія звязваюць гэта з уздымам нацыяналізму ў Расіі, які адбіваецца і на нас. Кандыдат шмат кажа пра тое, што не дасць перапісаць гісторыю айчыны, але, як мне здаецца, гісторыю нашай дзяржавы ён бачыць толькі як рэгіёна Расійскай Імперыі / Савецкага саюза. Перыяды Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай замоўчваюцца. У праграме гаворыцца аб падтрымцы роднай мовы, але выкарыстанне беларускай мовы кандыдатам ці яго камандай мной заўважана не было. Эканамічная частка накіравана на падтрымку айчыннага вытворцы, але ў той жа час прадугледжвае адмову вырабляць усё ў сябе. Не зусім зразумела, што кандыдат збіраецца рабіць са стратнымі прадпрыемствамі.

 

Кандыдат Лукашэнка не скарыстаўся эфірным часам на тэлебачанні, адмовіўся ад выступу па радыё, на дэбаты таксама не з'явіўся. Дзеючы прэзідэнт заявіў, што насельніцтву вядомы яго курс: сацыяльна-арыентаваная рынкавая эканоміка, шырокая падтрымка дзяржаўнага сектара, абарона суверэнітэту "чужога нам не трэба, свайго не аддадзім". Цяпер у СМІ найбольш гучна прагучала заява аб падтрымцы палітыкі нейтралітэту. Нагадаю, што 4 кастрычніка апазіцыя праводзіла "Народны сход" з нагоды будаўніцтва расійскай ваеннай базы. Лукашэнка заявіў, што нічога пра гэта не ведае. Што ж гэта тады, інфармацыйны ўкід з боку Расійскай Федэрацыі? Асабіста я пакуль не галасаваў".

 

Студэнт Антон навучаецца на старэйшых курсах па спецыяльнасці "паліталогія":

 

"З праграм кандыдатаў запомнілася мала што. Я наогул не раю звяртаць шмат увагі на праграмныя заявы ― 90% з іх не выконваюцца. Нашмат важней вербальная і невербальная камунікацыя з выбаршчыкамі. Адно, што магу сказаць, ― ва ўсіх кандыдатаў шмат пунктаў, якія выключаюць адзін аднаго. У выступах кандыдатаў спадабалася амаль усё. Караткевіч выступіла добра, але не зусім упэўнена. Яе другі выступ быў лепшым па паліттэхналогіях за ўсю гісторыю выбараў у РБ. Улаховіч не сказаў нічога, бачна было, што ён чалавек выпадковы і не зусім разумее, што адбываецца з ім і навокал. Гайдукевіч-старэйшы выдаў нядрэнныя выступы, накіраваныя на заахвочванне грамадзян, тады як Караткевіч больш разважала. На дэбатах лепшым быў Гайдукевіч-малодшы ― выдатнае папулісцкае выступленне, але так і трэба.

Датэрмінова не галасаваў, бо голас скрадуць. Прымусу не было. Пайду ў асноўны дзень, бо так больш шанцаў, што голас палічаць".

 

Цікава, што з 10 студэнтаў-палітолагаў, да якіх звярнулася Еўрарадыё, з просьбай прааналізаваць перадвыбарчую кампанію пагадзіліся толькі двое. Самы папулярны адказ: "Мне праблемы не патрэбныя!"

Фота: belta.by