Сталі вядомыя імёны 10 расійскіх вайскоўцаў, датычных да зверстваў у Бучы

Сталі вядомыя імёны 10 расійскіх вайскоўцаў, датычных да зверстваў у Бучы

Сталі вядомыя імёны 10 расійскіх вайскоўцаў, якія падазраюцца ў датычнасці да зверстваў у Бучы пад Кіевам. Іх агучыла Генпракурор Украіны Ірына Венедыктава. Гэта — Вячаслаў Лаўрэнцьеў, Рыгор Нарышкін, Васіль Князеў, Сямён Мальцаў, Сяргей Пескароў, Альберт Раднаеў, Міхаіл Кашын, Андрэй Бізяеў, Дзмітрый Сергіенка і Мікіта Акімаў (іх званні — ад радавога да сяржанта). Апублікаваныя іх фота. Усе яны служылі ў 64-й расійскай асобнай мотастралковай брыгадзе.

Бучанская акруговая пракуратура завочна зрабіла расіян падазраванымі па крымінальнай справе, распачатай па факце "жорсткага абыходжання з цывільным насельніцтвам і іншых парушэннях законаў і звычаяў вайны". Па даных следства ў сакавіку 2022-га падчас акупацыі Бучы згаданыя вайскоўцы трымалі ў закладніках цывільнае насельніцтва, ставілі людзей на калені, збівалі, звязвалі рукі і завязвалі вочы, не давалі ежу і пітную ваду, пагражалі забойствам і нават стралялі ў бок затрыманых. Таксама яны рабавалі маёмасць мясцовых жыхароў. Вайскоўцаў аб'явяць у вышук, іх правяраюць на датычнасць да наўмысных забойстваў.

Пра тое, што ўдалося высветліць імёны расійскіх вайскоўцаў, адказных за разню ў Бучы, стала вядома днямі. Пасля вызвалення гэтага населенага пункта ўкраінскімі войскамі працяглы час на месцы працавалі праваахоўнікі, якія займаліся эксгумацыяй брацкіх і адзіночных магіл. Былі знойдзены сотні целаў мірных жыхароў Бучы з прыкметамі агнястрэльных раненняў. Уладзімір Пуцін упарта заяўляе, што гэта "правакацыя", а расіяне не маюць дачынення да забойстваў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі