Стала вядомая асоба беларуса, якога сёлета асудзілі на смяротную кару

Стала вядомая асоба беларуса, якога сёлета асудзілі на смяротную кару

Стала вядомая асоба беларуса, якога сёлета асудзілі на смяротную кару. Гэта — 59-гадовы Генадзь Якавіцкі, жыхар Вілейкі, інфармуе БелаПАН.

Як паведамляла Еўрарадыё, пра тое, што 5 студзеня ў Вілейцы прыйшло выязное пасяджэнне суда Мінскай вобласці і быў вынесены смяротны прысуд, стала вядома толькі днямі. Мужчыну асудзілі па другой частцы 139-га артыкула Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь "Забойства, учыненае з асаблівай жорсткасцю". Таксама стала вядома, у часы існавання Савецкага Саюза згаданаму жыхару Вялейкі вынеслі смяротны прысуд. Аднак пасля скаргі асуджанага ў Вярхоўны суд, яго замянілі на пазбаўленне волі.

Як паведамляе БелаПАН, апошні час Якавіцкі жыў з жанчынай па імені Таццяна. Менавіта яе, паводле версіі следства, ён і забіў, будучы ў стане моцнага алкагольнага ап'янення. На судзе абвінавачваны сцвярджаў, што не памятае ўсіх дэталей здарэння.

Паводле звестак следства, у адной кампаніі з Генадзем Якавіцкім было яшчэ некалькі чалавек, усе яны распівалі спіртныя напоі. Сведкі давалі на судзе супярэчлівыя паказанні, але пры гэтым заяўлялі, што вінаваты менавіта Якавіцкі, які нанёс некалькі ўдараў кулакамі па целе пацярпелай. Паказанні сведак аб колькасці ўдараў істотна адрозніваюцца — ад 10 да 15, а экспертыза ўказвае на 46 удараў.

Згодна з першым прысудам Якавіцкі быў прызнаны вінаватым у забойстве двух чалавек, у тым ліку супрацоўніка Дома культуры, дзе сам працаваў, і адсядзеў у калоніі 15 гадоў.

За ўсю гісторыю незалежнай Рэспублікі Беларусь было вынесена 406 смяротных прыгавораў. І толькі адзін асуджаны быў памілаваны кіраўніком дзяржавы. Беларусь — адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль захавалася смяротная кара. Савет Еўропы, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі неаднаразова заклікалі кіраўніцтва Беларусі адмяніць смяротнае пакаранне ці ўвесці мараторый.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі