Вы тут

Спявачка прыфаташопіла сябе да Лукашэнкі, а цяпер хоча з ім пазнаёміцца

Мэрая Грэгары і Аляксандр Лукашэнка. Кадр з прома-роліка спявачкі на "Еўрабачанне"

У нацыянальным адборы на "Еўрабачанне-2019" ад Беларусі збіраецца ўдзельнічаць спявачка Мэрая Грэгары (Мariah Gregory). Яна ўжо выпусціла запамінальны прома-ролік трэка "I Still Love You", дзе спявае на фоне беларускай прыроды і Аляксандра Лукашэнкі, які ідзе па Палацы Незалежнасці.

"Гэта душэўны парыў, — каментуе відэа ў размове з Еўрарадыё прадзюсер Мэраі Фёдар Пушачнікаў. — Яна марыць пазнаёміцца ​​з Аляксандрам Рыгоравічам і спадзяецца, што пасля перамогі ў конкурсе ёй гэта ўдасца зрабіць".

Сапраўднае імя Мэраі Грэгары — Марынэ Грыгаран. Па словах прадзюсара, Марынэ скончыла Расійскую акадэмію музыкі імя Гнесіных. Цяпер рыхтуе альбом у ЗША, з якім спадзяецца намінавацца на прэмію "Грэмі":

"У мінулым годзе яе запрасіў да сябе ў школу Сяргей Пенкін — яна там вядзе клас вакалу. Марына жыве на дзве краіны. Таксама мы працуем над новым альбомам, які будзе прадстаўлены да прэміі GRAMMY AWARDS ў 2020 годзе. Яшчэ спявачка нядаўна запісала трэк да аднаго легендарнага шпіёнскага фільма, які хутка павінен выйсці ў пракат", — працягвае прадзюсар.

Фёдар кажа, што ў Беларусь для Мэраі Грэгары — не тэра інкогніта: у нашай краіне жывуць сваякі спявачкі. Яна прыязджала ў Беларусь і захопленая нашым народам і яго культурнай спадчынай.

"Яна выказала жаданне ў гэтым годзе заваяваць для Беларусі першае месца. На думку аўтарытэтных музычных крытыкаў, гэтая песня і выканаўца адназначна гэтага заслугоўваюць. Марына спадзяецца, што пасля перамогі на "Еўрабачанні-2019" Беларусь стане яе другім, а можа быць, і першым домам".

Фёдар Пушачнікаў сцвярджае, што і Марына, і ён выхоўваліся на творах Янкі Купалы і песнях гурта "Сябры".

"А такімі кампазітарамі, як Эдуард Ханок і Ігар Лучанок ганарыцца ўся сусветная эстрада! Мы абавязкова напішам песню на беларускай мове, і не адну!" — абяцае прадзюсар, які, дарэчы, таксама кажа пра свае беларускія карані.

Цікава, што два тыдні таму, як толькі на YouTube з'явілася песня Мэраі Грэгары "I Still Love You", у каментарыях у Марынэ спыталі, якую краіну яна збіраецца прадстаўляць. Яна адказала, што хацелася б Расію, але пакуль не ведае. Пасля гэтага каментатары напісалі, што ў Беларусі адкрыты адбор, дзе магчымы ўдзел замежных грамадзян. Марынэ пагадзілася. А потым у прома-роліку песні з'явіўся Аляксандр Лукашэнка.

Скрыншот з YouTube

Самае цікавае, што ў каментарах пад песняй Мэрайя сцвярджае, што менавіта яна прадставіць нашу краіну на "Еўрабачанні-2019".

Больш цікавых падзей у праграме ЕЎРАЗУМ 

Больше интересных событий в программе ЕВРОЗУМ