"Спушчу кроў": гісторыя маці, якая пагражала "падарваць сябе і дзяжурную частку"

Пратэсты ў Мінску, жнівень 2020-га / Еўрарадыё
Пратэсты ў Мінску, жнівень 2020-га / Еўрарадыё

"Жанчына пагражае, што прыйдзе ў дзяжурную частку і падарве сябе і дзяжурную частку, калі высветліць, што яе сын быў затрыманы", — такое паведамленне зарэгістравала дзяжурная служба 102 у жніўні 2020 года. У апублікаванай "Кібер-Партызанамі" базе звестак гэты зварот значыцца як данос. Еўрарадыё звязалася з жанчынай, якая ў тую ноч тэлефанавала ў міліцыю. Аказалася, што гэта быў не данос, а крык адчаю маці, якая збілася з ног у пошуках сына.

"Калі вам патрэбна мая кроў — скажыце, і я прыеду!"

Мінчанка, якая абяцала "падарваць дзяжурную частку", працуе лекарам у мінскай лякарні. Уночы з 11 на 12 жніўня яе сын перастаў выходзіць на сувязь.

— Я тэлефанавала ў міліцыю, у міліцыі доўга не адказвалі, потым казалі "Перазваніце нам праз 15, 30, 40 хвілін". І натуральна, у мяне быў усплёск, я ўся была на нервах, — расказвае Еўрарадыё жанчына. — Яны [міліцыя. — Еўрарадыё] ці то прыдумалі, ці то пачулі няправільна, што я ў размове сказала, што, маўляў, падарву дыспансер, бо я працую ў лякарні. Прыехалі па мяне на працу. Але аператыўна прыехаў муж, заступілася загадчыца — і дзякуй калектыву, што мяне не забралі. Я была ўпэўненая, што мяне забяруць.

Няўжо дзяжурны ў службе 102 няправільна пачуў пагрозы пра выбух?

— Не ведаю, але я чамусьці ўпэўненая, што я казала так: калі вам патрэбна кроў — скажыце, і я прыеду. Спушчу кроў сама, ці вы спусціце, калі вам так патрэбна кроў. Для чаго кроў? Такое пачуццё, што ім тады патрэбна была кроў [мае на ўвазе сілавое задушэнне пратэстаў 9–12 жніўня. — Еўрарадыё]. Можа, ім ад гэтага лягчэй, можа, яны кайф нейкі адчувалі? Я не ведаю. Але мне здаецца, што пра тое, што я падарву міліцыю, я не казала.

"Сын адседзеў у "Асвенціме"

“Спущу кровь”: история матери, угрожавшей “взорвать себя и дежурную часть”
Той самы званок ад "тэрарысткі" / Еўрарадыё

Па словах жанчыны, у той вечар яе сын паклаў спаць дзіця і паехаў па пакупкі ў гандлёвы цэнтр "Рыга" разам з сябрам. Пратэставай сімволікі і іншых трыгераў, якія маглі б справакаваць затрыманне, у іх з сабой не было.

— Калі яны туды прыехалі, усё было ціха і спакойна. Ужо на касе — там затрымлівалі нейкага маладога чалавека — да іх падыходзяць і пачынаюць забіраць, — успамінае "тэрарыстка". — Сын кажа, маўляў, начальнік, а я тут пры чым? Вось прадукты, я прыйшоў па прадукты. Той яму адказвае: "Усё нармальна, адпусцім, не чапаць іх". Выходзяць з крамы — ім тут жа заломваюць рукі. Сын абураецца: начальнік жа сказаў, што ўсё нармальна! А яму ў адказ: "Мяне не датычыцца, што там начальнік сказаў".

Сын адседзеў у "Асвенціме", як я гэта называю [Акрэсціна. — Еўрарадыё]. Таму што, калі я ўначы туды прыехала, у мяне валасы сталі дуба: крыкі і ўсё астатняе, што я бачыла. Сын прайшоў праз усё гэта пекла.

Гераіня нашага матэрыялу не скардзілася на "пратэстуноў" у міліцыю. Але ў тыя дні ў 102 паступіла нямала званкоў ад тых, хто ледзь не "па-сталінску" закладваў суседзяў. Частка такіх даносаў ужо апублікаваная хакерскай групоўкай "Кібер-Партызаны", а Еўрарадыё нават паразмаўляла з адным з даносчыкаў і яго ахвярай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі