Справа "Рэгнумаўцаў". Прысуд вынесены, пытанні засталіся

Справа "Рэгнумаўцаў". Прысуд вынесены, пытанні засталіся

2 лютага ў Мінскім гарадскім судзе быў абвешчаны прысуд па справе аўтараў расійскага сайта “Рэгнум”. Юрый Паўлавец, Сяргей Шыптэнка і Дзмітрый Алімкін атрымалі па пяць гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на тры гады. Іх прызналі вінаватымі ў здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне нацыянальнай варожасці групай асоб.

Сваёй неадназначнасцю  гэтая справа выклікала рэзананс у сацсетках і прафесійнай супольнасці. З аднаго боку, абвінавачаныя былі апалагетамі "рускага свету", з другога боку, гэта спроба ўладаў кантраляваць СМІ, нападзенне на "свабоду слова" і непрыемны прэцэдэнт, небяспечны для незалежных публіцыстаў, якія крытыкуюць уладу.

Хто такія, гэтыя "рэгнумаўцы"?

Брэсцкі ахоўнік  Дзмітрый Алімкін, дацэнт БДУІР  Юрый Паўлавец і галоўны рэдактар часопіса "Новая эканоміка" Сяргей Шыптэнка. Усе былі затрыманыя ў Беларусі ў снежні 2016 года. Суд пачаўся напрыканцы 2017 года.

Яны пісалі артыкулы для "Рэгнума" пад псеўданімамі, крытыкавалі ўладу і выкрывалі "нацыяналістаў".

Што важна разумець — гэта людзі, якіх мала што аб'ядноўвае, акрамя сімпатый да "рускаму свету", тое, што яны пісалі для "Рэгнума", і года ў СІЗА.

У чым іх абвінавачвалі? На падставе чаго?

Падставай для таго, каб распачаць справы стаў зварот Міністэрства інфармацыі аб тым, што рэспубліканская экспертная камісія ўгледзела ў іх дзеяннях прыкметы злачынства.

Абвінавачвалі ў распальванні расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці, артыкул 130 частка 3 КК РБ. Паводле гэтага артыкула, прадугледжваецца толькі пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да дванаццаці гадоў. Таксама Паўлаўца і Шыптэнку абвінавачвалі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Пракурор зачытваў абвінавачванне амаль чатыры гадзіны. Таксама, пасля спрэчак у судзе, ён прапанаваў зняць абвінавачванні з Шыптэнкі і Паўлаўца ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Нагодай стала тое, што яны атрымлівалі ганарары за свае тэксты.

Аналіз тэкстаў праводзіў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. Іх тэксты, на думку экспертаў, маглі стаць прычынай распальвання нацыянальнай варожасці. Аднак экспертыза не была нідзе апублікаваная, а цытаты з яе, якія былі выкарыстаныя ў абвінавачванні, выклікаюць шмат пытанняў.

Што не так з абвінавачваннем?

Экспертыза поўная суб'ектыўных высноў і дадумванняў. Напрыклад, што гэтыя тэксты могуць выклікаць у расіян абурэнне дзеяннямі беларускіх уладаў, што аўтары планавалі нашкодзіць адносінам Беларусі і Расіі, што іх артыкулы — гэта не проста меркаванне, а унушэнне і маніпуляцыя. Варта асобна адзначыць тую частку экспертызы, дзе гаворыцца пра наяўнасць у тэкстах іроніі і сарказму. На падставе такой экспертызы можна абвінаваціць амаль любога публіцыста, які крытыкуе ўладу.

Юрыст БАЖ Алег Агееў перакананы, што ў Беларусі няма метадалогіі правядзення падобных экспертыз. У судзе эксперты прызнаюцца, што беларускіх метадычак, каб вызначаць распальванне варожасці, не існуе, і яны карысталіся расійскімі. Акрамя гэтага, юрыст лічыць, што ў дадзеным выпадку лінгвістычнай і псіхалагічнай экспертызы недастаткова. Эксперт-лінгвіст не валодае патрэбнымі ведамі палітолага і гісторыка.

Паміж тэкстамі, якія агучваў пракурор у абвінавачванні, і апублікаванымі на сайтах, ёсць несупадзенні. На думку юрыста, гэта магло адбыцца з-за таго, што эксперты выкарыстоўвалі для аналізу тэксты, якія былі канфіскаваныя ў абвінавачаных, а недакладнасці ў фразах могуць быць наступствам рэдактуры.

Бянтэжыла і тое, што Алімкіна, Паўлаўца і Шыптэнку абвінавачвалі ў змове з групай асоб праз сувязное звяно, і гэты момант выклікае шмат пытанняў: яны паміж сабой нават не былі знаёмыя. Гэты працэс выглядае гэтак жа, як калі б трох розных людзей, якія скралі памідоры ў розных гарадах Беларусі, судзілі б разам у Мінску на падставе таго, што яны скралі памідоры.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі