Спецыяліст: Калі б было менш міфаў, мамы часцей бы кармілі грудзямі

120627 Kuzniacova_site_0.mp3

Еўрарадыё: Гродзенцы склалі адкрыты ліст да галоўнага лекара гродзенскага абласнога перынатальнага цэнтра Віктара Лісковіча ад гарадской ініцыятывы “Група падтрымкі груднога выкормлівання ў Гродне”. Што ўтрымліваў гэты ліст?

 

Ганна Кузняцова: Ліст утрымліваў зварот да галоўнага лекара з просьбай замяніць некарэктную, састарэлую і нават шкодную інфармацыю на сайце радзільні наконт груднога выкормлівання. Другая частка ліста была прысвечаная асаблівасцям арганізацыі груднога выкормлівання ў радзільні, бо ёсць шэраг прабелаў, мамам не дапамагаюць, не робяць таго, што павінны рабіць. 

 

Еўрарадыё: Складаецца ўражанне, што дапаможнік для мам існуе яшчэ з савецкіх часоў?

 

Ганна Кузняцова: Так і ёсць, калі я даследавала дакументацыю па арганізацыі груднога выкормлівання, аказалася, што гэтыя рэкамендацыі з 1989 года. У 2010 годзе быў новы загад, які іх адмяняе. Але і цяпер, у 2012 годзе на сайце перынатальнага цэнтра вісяць гэтыя інструкцыі.

Еўрарадыё: Гэта толькі ў Гродне маці можа ўзяць на рукі дзіця амаль праз суткі пасля нараджэння, ці гэта паўсюль у Беларусі так?

 

Ганна Кузняцова: Я не ведаю, як у іншых радзільнях, іх жа шмат у Беларусі. У Мінску ў шэрагу радзільняў сітуацыя дастаткова добрая з кантактам маці і нованароджанага дзіцяці. А у нас часта нічога не робіцца, або робіцца штосьці фармальна, бо вялікая плынь парадзіх, бо для супрацоўнікаў больш звыкла дзейнічаць па такіх савецкіх асаблівасцях арганізацыі, чым павышаць узровень кваліфікацыі і мяняцца ў адпаведнасці з актуальнымі рэкамендацыямі.

Еўрарадыё: Якія могуць быць наступствы ад выкарыстання гэтых састарэлых інструкцый?

 

Ганна Кузняцова: Па-першае, для маці гэта правакацыя развіцця пасляродавай дэпрэсіі, трывогі, няўпэўненасці ў сабе, цяжкасці з развіццём бацькоўскіх пачуццяў. Першыя гадзіны, першыя суткі вельмі ўплываюць на гэта. Калі жанчына няўпэўнена пачуваецца як маці, сваю трывогу яна перадае дзіцяці. А для дзіцяці вельмі важны гэты першы кантакт, гэта было пацверджана ў шматлікіх даследаваннях, у тым ліку, на жывёлах. Дзеці адчужаюцца ад маці, гэта глыбокая псіхалагічная траўма, падрыў базавага даверу да свету і ўпэўненасці ў сабе. Вельмі моцна церпіць пачуцце бяспекі. У савецкія часы гэта ішло яшчэ ад Надзеі Крупскай і было абумоўлена сістэмай, але тое, што гэтыя рэшткі сістэмы існуюць яшчэ цяпер — вельмі сумна. Загадчыца кафедры педыятрыі падчас сустрэчы спрабавала нам гаварыць, што гэтыя рэкамендацыі могуць змяняцца, заўтра навука можа сцвярджаць штосьці іншае. Але што можа быць больш натуральным, чым кантакт маці і дзіцяці адразу пасля родаў, чым грудное выкормліванне.

Еўрарадыё: Атрымліваецца, што галоўную ролю адыгрываюць не маці і дзіця, а медперсанал. Ці не ўплывае гэта адмоўна на маці?

 

Ганна Кузняцова: Так, многія жанчыны нават не ведаюць пра свае правы, не ведаюць, што могуць адмовіцца ад большасці медыцынскіх працэдур. Калі няма медыцынскіх супрацьпаказанняў, яны могуць не разлучацца з дзіцем. Варта заўважыць таксама, што грудное выкормліванне дзіцяці — гэта не абавязак жанчыны, а яе права. Калі б было больш інфармацыі пра фізічную, фізіялагічную карысць груднога выкормлівання для самой маці — а гэта прафілактыка шэрагу захворванняў, у тым ліку анкалагічных — пра псіхалагічнае значэнне гэтага працэсу, можа, больш жанчын хацелі б скарыстацца гэтым сваім правам.

 Еўрарадыё: Ці змянілася б сітуацыя ў Беларусі да лепшага, калі б у краіне з’явіліся прыватныя радзільні? І ўвогуле, чаму у нас няма прыватных радзільных дамоў?

 

Ганна Кузняцова: Можа быць, гэта праблемы са санстанцыямі, праблемы на ўзроўні Міністэрства аховы здароўя. Ніхто не хоча быць першапачынальнікам у гэтым кірунку. Я ведаю, што ў Польшчы каля трыццаці год існаваў рух “Нараджаць па-чалавечы”, полькі змагаліся з сацыялістычнай сістэмай. У выніку ў іх з’явіліся і радзільныя цэнтры, і роды дома, то бок існуе альтэрнатыва. Калі ў нас з’явяцца радзільныя цэнтры, гэта створыць канкурэнцыю радзільням, будзе неабходнасць працаваць над павышэннем кваліфікацыі, над гуманізацыяй усёй сістэмы. Тады жанчыны, у якіх па стане здароўя няма неабходнасці нараджаць у шпіталі, змогуць нарадзіць дзіця ў больш камфортных умовах.

Еўрарадыё: Можа, варта падрыхтаваць нейкую дапаможную літаратуру для будучых маці, буклеты, з якіх яны маглі б даведацца пра свае правы? Ці пагадзіліся б радзільні трымаць у сябе такія буклеты?

 

Ганна Кузняцова: Хто захоча атрымаць інфармацыю — прачытае буклет. Але апроч буклетаў і нейкай нагляднай інфармацыі, карысна было б праводзіць нейкія псіхалагічныя, псіхатэрапеўтычныя заняткі ў жаночых кансультацыях. Я пераканалася, што ў Гродне ўсё гэта дастаткова фармальна. Я наведвала некалькі курсаў для маладых мам, замест аповядаў пра карысць груднога выкормлівання там прапануецца рэклама малакаадсосаў, дзіцячай касметыкі, сосак. Грудное гадаванне ў адрозненне ад усёй гэтай прадукцыі немагчыма прадаць. Многія мамы не хочуць карміць грудзьмі яшчэ і таму, што лічаць гэта складаным, што трэба сцэджвацца, абмяжоўваць сябе ў ежы. Насамрэч, усё значна прасцей. Калі б эвалюцыйна нам трэба было сцэджвацца і абмяжоўваць сябе ў ежы — нас не было б цяпер шэсць мільярдаў на зямлі. Калі б было менш міфаў, якія часта гучаць нават ад медыкаў, мамы часцей бы пагаджаліся на грудное выкормлівання, мы былі б значна здаравейшымі, чым зараз.

Еўрарадыё: Дзе знайсці інфармацыю на гэтую тэму?

 

Ганна Кузняцова: Ёсць сайт http://am-am.info, гэта сайт кансультанта па грудным выкормліванні, ёсць расійская Асацыяцыя кансультантаў па натуральным выкормліванні. Ёсць Малочная ліга — аб’яднанне мам, якія кормяць грудзьмі ў ЗША, яны існуюць даўно і выдаюць кнігі, у тым ліку, на рускай мове. У Мінску ёсць кансультанты ад Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Добра было б, каб і ў радзільнях былі кансультанты па грудным выкормліванні, але ў штаце супрацоўнікаў пакуль няма такой пасады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі