Спажыўцы не вывучылі стары закон — ім рыхтуюць новы

За мінулы год у “Беларускае таварыства абароны правоў спажыўцоў” звярнуліся больш за 150 чалавек. Большасць выпадкаў узнікалі з-за няведання законаў ні прадаўцамі, ні пакупнікамі.

Напярэдадні Сусветнага Дня правоў спажыўцоў Міністэрства гандлю Беларусі паспрабавала ўнесці карэктывы ў Закон “Аб абароне правоў спажыўцоў”, падрыхтаваўшы праект зменаў і дадаткаў да яго.


Узнікненне гэтага праекту не значыць, што стары закон дрэнны, лічыць начальнік Упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства гандлю Беларусі Ірына Барышнікава:


“Закон працуе ўжо чатыры гады. Натуральна, практыка паказвае, што нейкія моманты не ўлічаныя. Ды й жыццё ж не стаіць на месцы. У нас з’яўляюцца новыя паслугі: тыя ж Інтэрнэт-крамы. І вядома, гэта патрабуе пэўных карэктываў у заканадаўства”.


Так, пры набыцці тавару праз Інтэрнэт ці іншым дыстанцыйным спосабам прадавец абавязаны праінфармаваць пакупніка наконт тавару: асноўныя ўласцівасці, умовы карыстання, пакупкі, дастаўкі, цане, тэрмінах захавання і годнасці тавару.


Цяпер рэалізацыя харчовых тавараў пры сканчэнні тэрміну захоўвання забароненая. Аднак вытворцы і пастаўшчыкі настойваюць на тым, каб гэтую забарону зняць. Бо сканчэнне тэрміну захоўвання яшчэ не значыць, што прадукт нельга ўжываць, — ён толькі згубіў некаторыя якасці.


А вось рэалізатары не вераць, што такое магчыма. У гіпермаркеце Bigzz”, да прыкладу, упэўненыя, што так і будуць вяртаць пратэрмінаваны тавар пастаўшчыкам:


“За дзень да сканчэння тэрміну такія тавары мы вяртаем пастаўшчыку. Гэта абумоўлена кантрактам. Магчыма, будзе пэўная градацыя ў тэрмінах захоўвання. Але асятрыны другой свежасці не бывае. Гэта яшчэ Міхаіл Булгакаў сказаў”.


Па новым законе гарантыйная майстэрня павінна несці адказнасць за парушэнне тэрміну рамонту. А тэрміны гарантыі тавараў замежнай вытворчасці будуць такімі ж, як і ў беларускай.


Сёння адказнасць за якасць імпартнага тавару нясе толькі прадавец і вытворца. Будуць жа адказваць імпарцёры, афіцыйныя прадстаўнікі і дылеры.


Верагодна, што для таго, каб пакрыць страты, пакупнік павінен будзе заявіць памер тых самых стратаў. Гэта значыць — падаць чэк. Бо даказаць, што пакупка была зроблена менавіта ў гэтага прадаўца, бывае вельмі цяжка.


У Міністэрстве гандлю выказваюць спадзяванне, што новы закон спросціць жыццё спажыўцам. Такім чынам, верагодна, і працу самога Міністэрства. Гаворыць Ірына Барышнікава:


“У нас у мінулым годзе было каля 150 зваротаў грамадзянаў у Міністэрства гандлю. Гэта і аказанне дапамогі і пакрыццё стратаў пры няякасных паслугах па вытворчасці і мантажу вокнаў, былі звароты па пакупцы няякасных мабільных тэлефонаў, маса зваротаў тычыцца якасці абутку...


Мы кажам аб праекце, то бок, увойдуць гэтыя нормы ў закон ці не — пакуль не вядома. Мы, канечне, спадзяемся, што ўвойдуць усе, таму што на сёння яны вельмі актуальныя для абароны правоў спажыўцоў ”.


Хочацца верыць, што Міністэрства гандлю працуе недарэмна. І спажыўцы ўсё ж такі вывучаць новы закон, які для іх распрацавалі.


Фота — gov.mari.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі