Спадарожнікавыя талеркі псуюць выгляд Партызанскага праспекта, а трусы — не

15 траўня з дома №85 на Партызанскім праспекце жэсаўцы паздымалі спадарожнікавыя антэны. Акурат перад прыездам Лукашэнкі на трактарны завод.

З дома на праспекце перад праездам Лукашэнкі зрэзалі антэны (фота)

Талеркі пакідалі на зямлю і забралі ў ЖЭС. Тады дырэктар ЖЭСа №105 Аляксандр Пыркін спасылаўся на рашэнне ад… 2013 года.

Пыркін: "Жыхарам выдаваліся прадпісанні прыбраць антэны. Антэны іржавыя, псуюць фасад. І ў людзей праблемы з прамярзаннем кватэр".

Дзве антэны цягам месяца людзі забралі дамоў. Яшчэ адна яшчэ ляжыць у ЖЭСе.

Дырэктар ЖЭСа № 105 сцвярджае, што зачыстка ад талерак на Партызанскім праспекце і прыезд Лукашэнкі на трактарны завод 15 траўня ніяк не звязаныя. Быццам бы Партызанскі праспект — адна з каркасных вуліц горада і на фасадах кандыцыянераў і спадарожнікавых талерак там не павінна быць. Такія талеркі павінныя знікнуць і з суседніх дамоў №87 і №89.

Але і праз месяц гэтыя талеркі вісяць на дамах. Мала таго, жыхары дамоў, здаецца, нават не ведаюць, што талеркі трэба зняць. На дошцы аб'яў няма ніякіх папярэджанняў, акрамя рэкламы сантэхнічных паслуг. Ніякай інфармацыі і на сайце ЖРЭА Заводскага раёна.

"Мы іх здымем. Справа ў тым, што жыхары гэтага дома адправілі дакументы на ўзгадненне спадарожнікавых талерак. Але іх не ўзгодняць, як толькі яны атрымаюць адказы на свае звароты, мы паздымаем талеркі",Аляксандр Пыркін тлумачыць зацягнутасць працэсу бюракратычнымі і папяровымі справамі.

Напярэдадні прыезду Лукашэнкі па Партызанскім праспекце ніякая папяровая валакіта дырэктару ЖЭСа не перашкодзіла самавольна зняць антэны. Жыхарка кватэры №21 Людміла Краёва дагэтуль у шоку. Людміла Дзмітрыеўна заўважае, што калі б было хаця б якое папярэджанне — самі б знялі талерку, але такіх папер не было.

"Я сядзела дома і глядзела тэлевізар, і тут рабочыя пачалі зразаць маю талерку. Выйшла пагаварыць, але начальнік ЖЭСа — нейкі хлопчык  — пачаў на мяне крычаць і загадваць, каб талерку знялі, па-хамску. Абсалютна партызанскім метадам знялі талерку, ніякіх папярэджанняў. Мне прыйшоў адказ, што быццам бы талеркі псуюць выгляд вуліцы. Але я думаю, што трусы, якія вывешваюць на балкон, значна больш псуюць выгляд. Да таго ж на праспекце Машэрава і Незалежнасці талеркі вісяць — і нічога".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі