Спачатку з мінскіх шапікаў знікне піва, а потым знікнуць і яны самі

Міністэрства гандлю прапануе забараніць гандаль півам і цыгарэтамі ў камерцыйных шапіках на прыпынках. Мінгарвыканкам пагадзіўся, бо ўсё адно збіраецца іх прыбіраць. Прадпрымальнікі гатовыя адмовіцца ад гэтых тавараў, толькі б дазволілі працаваць. Міністр гандлю Аляксандр Іванкоў нечакана выказаў сваё бачанне нормаў цывілізаванага гандлю і адпаведнасці іх палітыцы дзяржавы ў Год здароўя. Як паведаміла газета “Белорусы и рынак”, міністр прапанаваў забараніць гандляваць у камерцыйных шапіках півам і цыгарэтамі. Еўрарадыё даведалася, што гэта не проста словы. Мінгадлю ўжо распрацаваў дакумент “Па ўнясенні зменаў у правілы гандлю”, дзе ўказана пра абмежаванні на асартымент шапікаў.

Як паведаміла Еўрарадыё прэс-сакратар Мінгадлю Алена Кавалёва, прапанова міністра насіла неафіцыйны характар. І ён нібыта хацеў дапамагчы Мінгарвыканкаму прыйсці да рашэння, што рабіць з шапікамі.

Алена Кавалёва: “Мы гэтым не займаемся, гэтым цалкам займаецца Мінгарвыканкам. Гэта быў прапанаваны як адзін з спосабаў вырашэння сітуацыі, якая складалася з шапікамі ў Мінску. Гэта не было афіцыйнай прапановай з нашага боку. Канчатковае рашэнне ў кампетэнцыі Мінгарвыканкаму, і калі яны будуць зносіць шапікі, то… З боку нашага ведамства былі проста дадзеныя рэкамендацыі прыбраць адтуль “шэры” тавар”.

Але для начальніка аддзела гандлю і паслуг Мінгарвыканкаму Аляксандра Лукашэвіча стала навіной тое, што рашэнне, ці прыбіраць з камерцыйных шапікаў піва і цыгарэты, залежыць ад іх. Паводле яго слоў, менівіта Мінгадлю распрацавала дакумент “Па ўнясенні зменаў у правілы гандлю”. Абмежаванні на асартымент шапікаў там і прапісаны. Як даведалася Еўрарадыё, гэты дакумент зараз накіраваны на ўзгадненне ў Саўмін.

Аляксандр Лукашэвіч:
“Няправільна яны накіравалі вас да нас. Дакумент, які разглядаецца Саўмінам, гэта “Унясенне зменаў у правілы гандлю”. Гэта Мінгандлю рыхтаваў гэты дакумент і яго ўзгадняе”.

Праўда, потым сталічны чыноўнік прызнаў, што ім, як і іншым рай- і аблвыканкамам, дакумент дасылалі на ўзгадненне. І Мігарвыканкам пагадзіўся з прапановай Мінгадлю. Але, па словах начальніка аддзела гандлю, у гэтай прапанове міністра няма нічога ад спробы дапамагчы разабрацца з шапікамі. Пакідаць альбо прыбіраць шапікі не залежыць ад таго, ці будуць яны працягваць гандляваць півам і цыгарэтамі. Нібыта, іх лёс вырашаны - усё адно прыбяруць. Зараз у Мінгарвыканкаме вырашаюць, якія прыбіраць ужо цяпер, а якія -- крыху пазней.

Аляксандр Лукашэвіч: “З шапікамі мы вельмі-вельмі ўважліва разбіраемся. У нас дробнарознічны гандаль -- 1800 аб’ектаў працуюць. Перспектывы ў іх ніякай няма, а час, колькі яны будуць працаваць, з кожным канкрэтным шапікам адміністрацыі раёнаў разбіраюцца. У нас яшчэ ўсе кропкі над “і” ў гэтым пытанні не пастаўленыя”.

Прадпрымальнік Сяргей Паплаўскі кажа, што калі яму дазволяць захаваць свой шапік, ён згодны шукаць штосьці наўзамен піва і цыгарэт. Хоць прыбытак зменшыцца адсоткаў на 50-70.

Сяргей Паплаўскі: “Гэта, безумоўна, удар ніжэй пояса. Але лепш пакінуць, чым застацца зусім без працы. Абарот зменшыцца на 50-70 адсоткаў. Але ёсць кірункі, у якіх можна будзе працаваць, нават на маім канкрэтным прыпынку”.

Па словах прэс-сакратара Мінгандлю Алены Кавалёвай, у камерцыйныя шапікі тавары часцяком паступалі з парушэннем правілаў гандлю. Менавіта гэта нібыта і стала яшчэ адной нагодай для прэтэнзій.

Алена Кавалёва: “У выніку праверак былі знойдзеныя тавары, якія ўвезеныя і пастаўленыя ў гандаль не такім чынам, як гэта павінна было рабіцца, – з парушэннямі правілаў гандлю”.

Прадпрымальнік Сяргей Паплаўскі катэгарычна сцвярджае, што ніхто з яго калег звязвацца з “шэрым“ таварам не рызыкне.

Сяргей Паплаўскі: “Калі іх такім чынам правозяць праз мытню, то і прадаюць па “шэрых” схемах. Але ні ў якім выпадку не праз шапікі. Нас жа ходзяць і трасуць: маркі, дакументы, сертыфікаты. А па “шэрай” схеме калі вязуць, то ўсё гэта будзе “бязмарачнае” і без дакументацыі. А ў нас усё па безнаяўным разліку. Я не ведаю ніводнага гаспадара шапіка, які рызыкнуў бы гандляваць такім кантрафактным таварам”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі