Служба аховы Барысаў-арэны: На матчах ёсць міліцыянеры, апранутыя сцюардамі

26 жніўня футбольны заўзятар Сяржук Бахун едзе на “Барысаў-Арэну” паглядзець матч паміж БАТЭ і “Слованам”. Набывае квіток на трыбуну ля фанацкага сектара, выконвае ўсе правілы і патрабаванні стадыёна. Але футбола амаль не бачыць — яшчэ у першым тайме Бахуна выводзяць у падтрыбунныя памяшканні міліцыянеры, “насланыя” пільным сцюардам з рацыяй — ён заўважыў у Сержука заўзятарскі шалік з “Пагоняй”. Пра выпадак піша сайт заўзятараў, яны перакананыя — замест сцюарда на стадыёне працуе мясцовы міліцыянер Павел Мандрык.

Кіраўнік службы аховы “Барысаў-Арэны” Віктар Машкоўскі расказвае Еўрарадыё, што міліцыя насамрэч працуе падчас матчаў пад выглядам сцюардаў.

“Ёсць такое. У фанацкім сектары прыезджай каманды. Яны назіраюць больш за фанатамі. Калі патрэбнае ўзмацненне раптам, узнікае экстранная сітуацыя, яны ўмешваюцца. Выклікаюць падмацаванне. Не ўсе ж разумеюць нармальную мову. Але такіх няшмат. Яны дапамагаюць, так скажам, сцюардам у цывільнай вопратцы”.

Аднак збольшага сцюардамі на “Барысаў-Арэне” працуюць студэнты барысаўскіх каледжаў 18-20-гадовага ўзросту. Ёсць і сталыя мужыкі, але такіх ад сілы 20 чалавек. Віктар Машкоўскі расказвае, што нейкіх асаблівых патрабаванняў да жадаючых стаць сцюардамі пакуль няма — бяруць самых розных.

“У прынцыпе, пакуль у нас усе людзі працуюць. І худзенькія, і маленькія, і тоўсценькія. Але, вядома, стараемся браць па камплекцыі. Каб былі крыху, так сказаць, у целе”.

Бяруць як хлопцаў, так і дзяўчат — яны працуюць збольшага з журналістамі. Хлопцы стаяць ля краю поля, пільнуюць, каб ніхто не выскачыў на газон. Ёсць сцюарды і на ўваходах на сектары — там сочаць за тым, каб ніхто не пранёс на трыбуны нечага забароненага.

Той самы сцюард, які выклікаў міліцыянераў на Сержука Бахуна.

Яшчэ сцюарды ёсць на паркоўках, ля турнікетаў — усюды, дзе патрэбная дапамога. Агулам на матчах чэмпіянату Беларусі на “Барысаў-Арэне” працуе каля 120 сцюардаў. На еўракубкавых — на 10-20 чалавек больш.

“Калі адкрылася “Барысаў-Арэна”, у нас узнікла задача набраць больш за сто чалавек сцюардаў. На еўракубкавых гульнях працуе 130-140 сцюардаў. Заробак іх не сакрэт — гэта сто тысяч рублёў за матч”, — расказвае галоўны сцюард “Барысаў-Арэны”.

На яго думку, 300-400 тысяч рублёў у месяц — нядрэнны дадатак да студэнцкай стыпендыі. Але асноўнае — магчымасць бясплатна бачыць матчы (калі толькі не стаіш спінай да поля) ды быць часткай свята, што ўвогуле не купіш ні за якія грошы. Галоўны барысаўскі сцюард расказвае, што значных канфліктаў паміж сцюардамі і заўзятарамі на “Барысаў-Арэне” пакуль не было. Калі людзі ў аранжавых камізэльках не могуць самастойна вырашыць праблему, то проста паведамляюць старэйшым супрацоўнікам службы аховы альбо міліцыі. Рукі нікому не выкручваюць.

“Рукі не ламаюць, не выкручваюць, нічога такога няма. Калі бачаць парушэнні, то звяртаюць увагу на гэта. Не дапамагае — паведамляюць старэйшаму, ён мне. Я падчас матча знаходжуся разам з супрацоўнікамі міліцыі ў пакоі аховы. Высылаем міліцыянераў, калі трэба. Такім чынам улагоджваем канфлікт”.

Пакрыўджаны дзеяннямі міліцыі заўзятар Сяржук Бахун тым часам звярнуўся ў барысаўскі райаддзел — патрабуе высветліць законнасць дзеянняў міліцыі і асабіста Вячаслава Паўлаўца, які прымаў рашэнне выдаліць заўзятара з трыбуны за шалік з выявай “Пагоні”. Ён лічыць, што афіцыйна прызнанаму дзяржавай гістарычнаму сімвалу краіны самае месца на важных міжнародных матчах.

Фота - tribuna.com, belultras.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі