Следчы, які зробіць сведку невыязным, сам патрапіць у гэты спіс

Калі следчы па крымінальнай справе па нейкіх уласных меркаваннях вырашыць унесці ў спіс невыязных сведку, яму самому пагражае крымінальная адказнасць. І небяспека стаць невыязным. У адным з папярэдніх матэрыялаў Еўрарадыё расказала гісторыю жыхаркі Брэста Таццяны. Дзяўчына стала невыязной толькі з-за таго, што праходзіла па крымінальнай справе ў якасці сведкі. Еўрарадыё вырашыла даведацца: ці ўсе людзі, што становяцца сведкамі злачынства, аўтаматычна становяцца невыязнымі?

Як раней паведамляла Еўрарадыё, права папаўняць спіс невыязных маюць шэраг адказных устаноў – МУС, Генпракуратура, КДБ, Мінюст, Міністэрства абароны. Дакладней, следчыя па справе, суддзі, члены прызыўных камісій. Але намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення папярэдняга расследавання МУС Аляксандр Ігнатовіч запэўніў, што іх следчыя ўносіць сведкаў у спіс невыязных не маюць права. І самі могуць крымінальна пацярпець з-за такога свавольства.

Аляксандр Ігнатовіч: “Сведкі не трапляюць у катэгорыю асоб, супраць якіх могуць быць ужытыя меры працэсуальнага прымусу. У такім выпадку следчы перавышае паўнамоцтвы і нясе адказнасць, ажно да крымінальнай. Таму такога ў прынцыпе быць не можа. А калі і было, то яно правяраецца і аспрэчваецца. І статус аднаўляецца неадкладна”.

Не заносяць у спіс невыязных сведкаў і па справах, якія вядуць следчыя пракуратуры. Пра гэта Еўрарадыё расказаў начальнік прэс-службы Генпракуратуры Міхаіл Вавула.

Міхаіл Вавула: “Следчыя пракуратуры, калі яны расследуюць крымінальныя справы, інфармуюць МУС пра асоб, якіх прыцягваюць да крымінальнай адказнасці. На гэтым функцыі следчых пракуратуры ў гэтай частцы заканчваюцца. Звесткі наконт асоб, якія выступаюць сведкамі па крымінальнай альбо грамадзянскай справе, нікуды не прадастаўляюцца. Акрамя таго, што яны ёсць у гэтых справах. Вось і ўсё. У інфармацыйны цэнтр МУС гэтыя звесткі не накіроўваюцца”.

І патлумачыў, чаму нават праз памылку звесткі сведкаў не могуць патрапіць у банк даных невыязных.

Міхаіл Вавула: “Звесткі, якія прадастаўляюцца ў інфармацыйны цэнтр МУС, падаюцца як на электронным, так і папяровым носьбіце. Запаўняюцца адпаведныя статыстычныя карткі, дзе ўказваецца, у якасці каго асоба праходзіць па гэтай крымінальнай справе. У адносінах да сведак такія карткі не запаўняюцца. Таму -- пра што можна казаць!”

Намеснік кіраўніка ўпраўлення кадраў і ідэалагічнай работы Мінюсту Людміла Мазан запэўніла Еўрарадыё, што суддзі ўвогуле не могуць прымяняць нейкія санкцыі супраць сведкаў і выносіць рашэнні аб унясенні іх у спіс невыязных. Саму магчымасць, што сведку прызначылі нейкія абмежаванні і зрабілі невыязным, яна называе глупствам.

Людміла Мазан: “Гэта набор нейкіх домыслаў. Гэта я вам адразу кажу”.

Як і намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення папярэдняга расследавання Аляксандр Ігнатовіч, чыноўніца Мінюсту кажа, што за такое парушэнне вінаватых абавязкова пакараюць.

Людміла Мазан: “Калі былі такія парушэнні, значыцца адкажуць, за гэта тыя, хто ў гэтым павінны”.

Калі ж кагосьці са сведкаў чамусьці зрабілі невыязным, яна раіць звярнуцца ў Мінюст. Кажа, неабходна паведаміць сваё прозвішча, справу і ўказаць, у якасці каго там праходзілі. Дастаткова напісаць ліст на электронны адрас [email protected] альбо пазваніць па нумары 200-96-84, 200-97-55. Калі падставаў абмяжоўваць вас у праве на выезд за мяжу ў следчых не было, ён сам можа сесці на лаву падсудных і страціць магчымасць адпачыць за мяжой.

Еўрарадыё паведаміла ўсё сказанае чыноўнікамі былой сведцы па крымінальнай справе жыхарцы Брэста Таццяне. Яна абяцала падумаць, ці будзе звяртацца ў Мінюст. Калі дзяўчына вырашыць пакараць следчых, якія перавысілі свае паўнамоцтвы, Еўрарадыё абавязкова раскажа, чым гэта скончыцца. Тым больш, што па нашых звестках, такіх людзей, што са сведак ператварыліся ў ахвяр і патрапілі ў спіс невыязных, ужо шмат. Нягледзячы на тое, што гэта нібыта немагчыма.

Матэрыялы па тэме:
Невыязныя беларусы могуць выехаць праз Расію
Спіс невыязных беларусаў не з’явіўся ў расійскіх памежнікаў і пасля святаў
Каго зрабіць невыязнымі, вырашаюць следчыя
Рашэння прызыўной камісіі дастаткова, каб ухіліст стаў невыязным без суда
Ці ёсць вы ў спісе невыязных, можна будзе даведацца за 4 гадзіны
Канстытуцыйны суд праверыў спісы невыязных і парушэнняў не знайшоў
<<>> Таццяна: Мяне не пусцілі ва Украіну, бо забылі выключыць са спісу невыязных>

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі